Зоя Доля

Акно ў замежжа (зборнік)


Скачать книгу

колер. Вера выцягнула з-пад стала табурэтку і ўселася насупраць Віктора, падпёршы бараду рукой. Віктор, сонна мружачыся, млява ўзяў з талеркі бутэрброд з сырам, адкусіў кавалак і пачаў павольна жаваць усухамятку. Непрычасаныя, разбарсаныя пасля сну валасы дыбіліся ўрастапырку над яго вухам. Вера пазірала на Віктораў заспаны твар і думала: «Зараз спытае пра Інэсу».

      Віктор, як гусак, праглынуў сухі кавалак булкі з сырам і прамовіў:

      – А ты ведаеш, Інэса… я хацеў спытаць…

      – Я так і прадчувала, – не дала яму дагаварыць Вера.

      – Што ты прадчувала?

      – Вось глядзела на цябе і думала, зараз завядзе размову пра Інэсу. І ты не падвёў…

      – Я не разумею, чаго ты ўзнялася?

      – Не разумееш?.. Да чаго мужчыны дзіўны народ: у тэхніцы яны сякуць, навуку наперад рухаюць і гэтак далей… Не будзем заглыбляцца… Інтэлектуалы, адным словам. А як пра Інэсу – то ён нічога не разумее. Даўн, і усё тут.

      Віктор заёрзаў на табурэце. Вочкі гандляра страцілі санлівасць, забегалі пад вейкамі.

      – Я насамрэч не разумею тваёй рэакцыі на нявіннае пытанне.

      – Нявіннае пытанне?.. Нам з табой з раніцы больш няма аб чым паразмаўляць, акрамя як пра Інэсу. І што ты хочаш аб ёй даведацца – даўжыню ног ці памер бюста?

      – Ну ладна, хопіць. Прыдумала нешта на роўным месцы, – незадаволена сказаў Віктор і перайшоў у глухую абарону.

      Ён выдатна разумеў, што ў Верыных падначках была рацыя: на ўчарашніх шашлыках зашмат увагі ўдзяліў Інэсе, перабраў з цікаўнасцю. «І што з таго? – апраўдваў ён сябе. – Урэшце я вольны мужчына. Калі разабрацца, то я наогул ні пры чым, Інэса сама клеілася».

      – Што ты так разнерваваўся. Папі гарбаты і супакойся, – прымірэнча сказала Вера.

      Яна не збіралася высвятляць адносіны. Адзіным яе жаданнем было крыху пакпіць з Віктора і перарабіць мінулыя падзеі і заляцанні ўчарашняга дня ў жарт.

      Віктора панесла. Не кемячы спрасоння, што і дзеля чаго ён гаворыць, а па большай частцы адчуваючы сябе гаспадаром становішча, ён груба сказаў.

      – А я і не нервуюся. Чаго мне нервавацца? Я чалавек вольны і магу рабіць што пажадаю. І ты, дарэчы, таксама.

      Тут Віктор бессаромна хлусіў. Веры ён наўрад ці дазволіў бы рабіць тое, што яна пажадае, тым болей віснуць на руках іншага мужчыны.

      «Я чалавек вольны і магу рабіць што пажадаю…». Веру агаломшылі лёгка, быццам мімаходзь кінутыя Вікторам словы. Пад лыжачкай прабег непрыемны халадок. Атрымліваецца, яны амаль год жывуць разам пад адным дахам, а ён адчувае сябе вольным. Непрыемнае адкрыццё. Вера змоўчала. Яна разумела, што не варта працягваць пачатую размову, сцежка неабдуманых слоў завядзе ў нетры хлусні і спрэчкі. Яна моўчкі разліла гарбату. Залацісты струменьчык паліўся з заварніка ў белае ўлонне кубка. На душы было пагана…

      8

      Першы раз за той час, што Вера пражыла з Вікторам, гандлярская мужчынская тусоўка, якая звычайна адзначала выбітныя падзеі ў вузкім коле,