Навошта працуе тут да позняй ночы, прыходзіць у офіс прыгожа апранутая, падфарбаваная і пакідае шлейф дарагой парфумы? Іх адносіны з Ігарам па-ранейшаму заставаліся афіцыйнымі. А вось у яго сакратаркі, падобна, усё зусім наадварот. Дзверы кабінета пакінулі адчыненымі, і да Валерыі даносіліся абрыўкі фраз, з якіх яна зразумела, што ўчора была карпаратыўная гулянка, дзе прысутнічалі сакратарка Вольга, Канстанцін, яшчэ пара чалавек і… Ігар, якога Вольга «гатова была прыдушыць, калі а палове шостай зазвінеў будзільнік». Раптам Канстанцін з Вольгай вырашылі схадзіць перакусіць, пра што яны паведамілі Леры. Тая толькі паціснула плячыма. Дзіўныя: у працоўны час, у адсутнасць шэфа, прычым пакідаюць яе адну на два кабінеты, адзін з якіх дырэктарскі. Гэта ж які трэба мець давер, альбо не мець страху?
Ігар Андрэевіч вярнуўся раней і, відаць, незадаволены.
– Дзе Пятровіч? – рэзка запытаў ён Валерыю.
– На абедзе.
– На якім абедзе? Вольга дзе?
– Таксама на абедзе.
– Які абед? Што за самавольшчына?
– Ігар, ужо дзве гадзіны, па-першае. Па-другое, я тут, лічы, чалавек пабочны, да мяне якія прэтэнзіі? – не вытрымала дзяўчына.
– Прабачце, што там у вас, давайце пагляджу, – убачыўшы, што дзяўчына трымае ў руках паперы, прапанаваў дырэктар.
Лера паклала на стол артыкул. Шэф здзіўлена паглядзеў і пачаў чытаць, пасля чаго проста падняўся з крэсла і паціснуў ёй руку. Праўда, потым параіў дадаць трохі статыстыкі і змякчыць пару фраз, каб не крыўдзіць канкурэнтаў. Дзяўчына згадзілася, але, набраўшыся смеласці, запытала:
– А як наконт арганізацыйнага боку?
– Ты маеш на ўвазе грошы?
«А вось і першае «ты» на працы», – адзначыла для сябе Валерыя, але чамусьці з нейкім расчараваннем.
– Так, салаўя байкамі не кормяць.
– Заплацім. Дамову падпішам, – уткнуўшыся ў свае паперы, прамямліў шэф.
– Калі? – не спынялася дзяўчына.
– Валерыя, гэта не мае значэння. Пятага атрымаеш аванс. Слова дырэктара.
Дзяўчына чула гэтае «слова» не ў першы раз, але зноў паверыла і села за камп’ютар. Быццам нейкія сілы прымушалі яе працаваць па дамоўленасці. Раз-пораз Лера адчувала на сабе пільны позірк, які кідаў шэф, пераглядаючы свае дакументы з Дэпартамента.
– Усё, – дзяўчына павярнулася да дырэктара і зняла акуляры.
Той, наадварот, насунуў свае на нос і падышоў да камп’ютара:
– Давайце пагляджу.
Ён стаў за спінай Леры і так нахіліўся, што рукамі датыкаўся да яе плячэй, а падбародкам кранаў валасы, на гэты раз проста сцягнутыя заколкай.
Валерыі стала не зусім зручна сядзець, хацелася расправіць плечы, але такім чынам яна яшчэ больш адчувала б дотыкі Ігара. Дзяўчына не рашылася гэтага зрабіць, і толькі калі той вярнуўся за свой стол, уздыхнула з палёгкай. Дырэктар ухваліў перапрацаваны варыянт і папрасіў вывесці яго на паперу.
– Ваш матэрыял я аддам у «Дзелавую газету». Ім будзе гэта