не было: у захапленні ён гарэзнічаў, нібы школьнік. Ён знянацку насунуў папяровую асліную галаву на айца Браўна, які цярпліва гэта стрываў і нават вынайшаў нейкі спосаб варушыць яе вушамі. А асліны хвост жартаўнік узнамерыўся прычапіць ажно да фрака сэра Леапольда Фішэра, але пад хмурным позіркам фінансіста гэтая задума згасла.
– Нешта дзядзька ўжо праз меру дурэе, – усклікнула Рубі, з сур'ёзным выглядам чапляючы каралі з сасісак на шыю Круку. – Што гэта з ім?
– Ён Арлекін у пáру вашай Каламбіне, – сказаў Крук. – А я толькі клоўн са старымі жартамі.
– Лепей бы вы былі Арлекінам! – адказала дзяўчына, і сасісачныя каралі павіслі ў Крука на плячах.
Айцец Браўн, які ведаў усё да драбнічкі пра гэтую падрыхтоўку і ўжо нават атрымаў сваю долю апладысментаў, ператварыўшы падушку у бутафорскае немаўлятка, сеў, тым не менш, сярод публікі і ўрачыста чакаў пачатку, нібы хлопчык, упершыню прыведзены ў тэатр. Гледачоў было няшмат: сваякі, некалькі добрых суседзяў ды слугі. Сэр Леапольд рассеўся наперадзе, і ягоная грузная фігура, дагэтуль у футравым каўняры, амаль зусім закрыла сцэну ад караценькага святара. Але тэатральным крытыкам так і невядома, ці шмат святар ад гэтага страціў. Пантаміма была суцэльным вэрхалам, але не безнадзейным: яе пранізвала шаленства імправізацыі, якая паходзіла галоўным чынам ад клоуна Крука. Ён быў здольным наогул чалавекам, а ў гэты вечар яго ахінула дзікая ўсёведнасць, бязглуздасць, мудрэйшая за мудрасць свету, што прыходзіць да юнака, які прыкмеціў на імгненне пэўны выраз на пэўным твары. Паводле задумы ён граў клоуна, а на справе быў яшчэ амаль усім астатнім – аўтарам (наколькі там увогуле быў аўтар), суфлёрам, дэкаратарам, работнікам сцэны і, самае галоўнае, аркестрам. Калі ў заліхвацкай весялосці наступаў раптам няўдалы перапынак, клоун – як ёсць, у ёлупскім строі – кідаўся да фартэпіяна ды вытарабаньваў на ім папулярныя песенькі, адначасова недарэчныя і цалкам прыдатныя да моманту.
І, як кульмінацыя гэтага шаленства, ды і ўсяго наогул, дзверы ў глыбі сцэны раптам шырока расчыніліся, і адкрыўся сад у месяцавым святле, а на фоне саду – іх знакаміты госць, вялікі Фларыян, апрануты палісменам. Клоун зайграў хор паліцэйскіх з “Піратаў Пензанса”, але музыка патанула ў аглушальным плясканні гледачоў, бо паставу і манеры сапраўдных палісменаў вялікі комік пераймаў хоць і стрымана, але да дробязяў бездакорна. Арлекін падскочыў да яго ды грукнуў па шлеме, піяніст тарабаніў песеньку “Гэта што ў цябе за шапка”, а Фларыян азіраўся па баках у надзвычай пераканаўчым здзіўленні. А тады непаседлівы Арлекін стукнуў яго яшчэ (піяніст найграў кавалачак з прыпеўкі “І пасля яшчэ разочак”). А тады Арлекін кінуўся ў абдымкі да палісмена й паваліў яго на падлогу пад гром апладысментаў. Вось тады заезджы актор і паказаў тую знакамітую клаунаду з удаваннем мерцвяка, пра якую дагэтуль не сціхла слава ў ваколіцах Путні. Ледзь магчыма было паверыць, што жывы чалавек можа гэтак абмякнуць.
Дужы Арлекін гайдаў яго туды й сюды, як мех, круціў