і шалікаў, вялікія дзверы перад ім расчыніліся, і палкоўнік Адамс (бацька зафутранай дзяўчыны) выйшаў асабіста запрасіць вялебнага госця ў дом. Ён быў высокі, асмуглы й вельмі маўклівы, а на галаве меў чырвоную шапку накшталт фескі, праз якую рабіўся падобны да ангельскага сірдара ці пашы ў Егіпце. З ім выйшаў яго швагер, які нядаўна прыехаў з Канады, – светлабароды, рослы й досыць шумны малады аматар фермерскага жыцця на ймя Джэймс Блаўнт. З імі была і яшчэ адна асоба, не настолькі заўважная, – святар з найбліжэйшага каталіцкага касцёла. Палкоўнікава нябожчыца-жонка была каталічкаю, і дзеці, як часта бывае ў такіх выпадках, выхоўваліся ў матчынай веры. Усё ў гэтым ксяндзы было непрыкметным, і нават прозвішча яго было проста Браўн. Але палкоўнік знаходзіў у яго таварыстве нейкую прыемнасць і часта запрашаў яго на такія сямейныя сустрэчы.
У вялізным холе было досыць месца нават для сэра Леапольда і ягоных бясконцых покрываў. Гэты хол быў, праўду кажучы, недарэчна вялікі ў параўнанні з рэштаю дома: даўжэзны пакой з уваходнымі дзвярыма ў адным канцы і падножжам лесвіцы ў другім. Перад вялікім камінам, над якім вісела палкоўнікава шпага, цырымонія распранання госця нарэшце завяршылася, і ўсіх прысутных, не выключаючы хмурнага Крука, прадставілі сэру Леапольду Фішэру. Але вялебны фінансіст нібыта працягваў змагацца з часткамі свайго бездакорнага касцюма і нарэшце здабыў з якоесь найунутранейшай кішэні фрака чорную авальную скрыначку, якую, ззяючы, абвясціў калядным падарункам для хросніцы. З нязмушанай самазадаволенасцю, якая нечым абяззбройвала гледачоў, Фішэр падняў скрыначку перад сабою, штосьці націснуў, вечка адкінулася, і ўсе ледзь не саслеплі. Быццам чысцюткі фантан ударыў ім проста ў вочы. На аранжавым аксаміце донца, нібы тры яечкі ў гняздзе, ляжалі тры ясныя зіхоткія дыяменты, вакол якіх, здавалася, само паветра загаралася агнём. Фішэр добразычліва прамянеў, упіваючыся ўражанасцю й зачараванасцю дзяўчыны, змрочным захапленнем і няўклюднымі падзякамі палкоўніка ды агульным здзіўленнем усіх прысутных.
– Пакуль што я іх пакладу назад, мая мілая, – сказаў Фішэр, вяртаючы футарал у глыбіні фрака. – Едучы сюды, мне давялося добра пра іх клапаціцца. Гэта тры знакамітыя афрыканскія дыяменты, тыя самыя, што завуцца Лятучымі Зоркамі, бо іх вельмі часта выкрадалі. Усе вялікія злачынцы палююць на іх, але і простыя людзі на вуліцы ці ў гатэлі не адмовіліся б іх прыхапіць. Мяне маглі абкрасці проста па дарозе сюды. Так-так, вельмі магчыма.
– І вельмі натуральна, – прабурчаў хлопец у чырвоным гальштуку. – Калі б і абкралі, я б іх не вінаваціў. Калі людзі просяць хлеба, а вы не даяце ім і камню, то што дрэннага, калі яны возьмуць камень самі?
– Не смейце так казаць, – з дзіўнаю палкасцю ўсклікнула дзяўчына. – Вы ніколі такога не казалі, пакуль не сталі гэтым жахлівым як-жа-гэта-завецца. Ды вы ведаеце, пра што я. Як называюць таго, хто гатовы абдымацца з камінарам?
– Святым, – адказаў айцец Браўн.
– Думаю, – сказаў сэр Леапольд з паблажліваю ўсмешкаю, – што Рубі мела на ўвазе сацыяліста.
– Раяліст