мастацкую школу, там, як сказала маці, мяне ўсе зразумеюць.
І сапраўды, людзі там не зьвярталі на мяне ўвагі, я са сваімі валасамі быў проста ніхто, бо дзеці, якія прыйшлі здаваць свой першы ў жыцьці іспыт, былі ня толькі са сваімі самастойнымі фрызурамі, але і адзеньне на іх было нейкім мастацкім. Карацей, мяне чакала сапраўднае выпрабаваньне.
У той час наша сямʼя шчыльна сябравала зь сямʼёй мастакоў, нельга сказаць, што тое былі кепскія альбо выдатныя мастакі, проста – мастакі, і зь іхным сынам я хадзіў у мастацкі гурток, і мы былі аднаго ўзросту. Менавіта гэтая сямʼя мастакоў параіла аддаць мяне ў неардынарную школу.
Надышоў час, нам раздалі паперу фармату А4 і папрасілі ўсіх намаляваць што-небудзь з "Казкі пра курачку Рабу".
Я сядзеў разам з Валодзем, так звалі таго хлопца, я паглядзеў на яго, а ён хуценька ўжо нешта вымалёўваў. У мяне быў толькі аловак і акварэль, і я памятаў, што мне раіла настаўніца спачатку намаляваць усё алоўкам, бо гэта я здолею, а потым, як маляванку, размаляваць.
Я пабудаваў геамэтрычныя прамыя, так бы мовіць, зрабіў плян, каб маляваць трохмерна, што ўжо адразу давала мне форы, бо такое ва ўзросьце шасьці гадоў мала хто выкарыстоўваў. Дзед, баба, курачка, хатка, яйка на падлозе пабітае – сюжэт быў нескладаны, я вытрымаў усе правілы пабудовы фігур. Я быў задаволены і яшчэ больш узрадаваўся, калі пабачыў, што мой супернік, Валодзька, сынок мастакоў, такую халеру намаляваў, што нават з павелічальным шклом не разгледзіш, хто і што там у велічэзным будынку, які нагадвае хатку, а яйка наадварот было завялікім, большым за чалавечыя фігуры…
На наступны дзень нам патэлефанавалі й паведамілі, што сын, гэта значыцца я, не прыняты.
А Валодзька пасьпяхова прайшоў іспыт, і мама мне аднойчы сказала, калі я сумна сядзеў у пакоі й разважаў над тым, што ўжо ў шэсьць гадоў "праляцеў", як дэбіл, празь дзьве школы… гэта ў такім малым узросьце й адразу празь дзьве школы!.. Яна сказала, што тая сямʼя сябруе з дырэктарам мастацкай школы, а ў мяне быў сапраўды найлепшы малюнак.
Мастацкі гурток я больш не наведваў, але празь пяць год выпадкова апынуўся ў сьценах таго будынка, дзе ён знаходзіўся. Я тады па дарозе забег у прыбіральню, бо сьпяшаўся ў музычную школу, да якой было далёка. І як толькі я апынуўся ў знаёмым калідоры, раптам заўважыў, што на сьценах пад шклом вісяць тры мае графічныя малюнкі.
Я зазірнуў у прыбіральню й зьнік, больш ніколі не зьяўляўся ў тым будынку, але ў сэрцы заўсёды трымцела жаданьне зноў паглядзець на свае дзіцячыя малюнкі, гэта ўсё-ткі была мая першая і адзіная выстава, прычым доўгатэрміновая.
5
Клярнэт – гэта катастрофа, гэта штодзённае забойства часу. Гэтая эбанітавая трубка, зусім непрыгожая й непрыкметная, выклікае тужлівы настрой, як толькі яе ўбачыш! І яшчэ выгляд майго клярнэта сапсаваны шасьцю вялікімі лічбамі на баку, намаляванымі фарбай для падлогі. Такімі лічбамі пазначаюць школьную ўласнасьць, гэта значыць, што клярнэт належыць ня мне.
Праз два тыдні – вакацыі ў абедзьвюх школах, і ў музычнай,