на касэту.
Аднойчы ўвесну, калі я ўжо трэці год займаўся музыкай, здарылася адна падзея…
У вокны клясы ярка сьвяціла сонца, ад ягонага цяпла я зусім разамлеў і не хацеў граць, а Лявон Рубэнавіч, пасмоктваючы валідол пасьля пяціхвіліннага крыку й шпурляньня алоўкаў і асадак у розныя бакі, супакоіўся ад стрэсу й задрамаў. Я думаў, што мне далей рабіць: чакаць, калі ён прачнецца, ці сыходзіць дадому. І раптам Акапджанян расплюшчыў вочы й сказаў:
– Хлопчык мой, Гераньчык, я цябе на каленях прашу, ня горбся й не разьдзімай шчокі, і не запінайся, грай, добра грай! – яго голас гучаў спакойна. – Ідзі, калі ласка, да шафы, стань да яе сьпінаю, зрабі сьпінку роўнай-роўнай і грай! – голас трохі раздражняўся, яго відавочна дастала, што я ня мог сабрацца й добра адыграць пʼесу Шумана "Мроі".
І я пачаў граць усё, што ведаў, нават усе існыя гамы, сьпіна была ідэальная, шчокі не разьдзімаліся, але здрадліва пачалі падступаць сьлёзы. І мне стала так крыўдна! Так крыўдна, невыносна крыўдна! І сьлёзы, нарэшце, пацяклі самі сабою, яны струменіліся па шчаках і капалі на вопратку, а я ўсё граў і граў, зь неверагоднай злосьцю й так віртуозна, як ніколі ў жыцьці…
– О-о-о! Так! Гэта зусім іншая справа, гэта вельмі добра, хлопчык мой, гэта шык, кляс! Паміж небам і зямлёю! – настаўнік ад задавальненьня мружыў вочы й падскокваў у такт на крэсьле ад захапленьня.
І тут нечакана пачуўся стук у дзьверы. Настаўнік спытаў хто і запрасіў заходзіць. На парозе стаяла сьціплая жанчына зь дзіцем. Яна прыйшла пабыць на ўроку й паказаць сыну, каб зацікавіць яго музыкай.
– Мадам, паглядзіце на гэтага вучня, – зьвярнуўся да яе Лявон Рубэнавіч й паказаў пальцам у мой бок – дыямант! Плача, але грае! Талент!
У хлопчыка і ў ягонай маці вочы сталі квадратныя ад аднаго майго выгляду ў сьлязах. Яны самі прынялі неверагодна жаласны выгляд і быццам уціснуліся ў дзьверы, намагаючыся выйсьці.
Пазьней, у наступным навучальным годзе, я гэтага хлопчыка бачыў каля кабінэту цымбал. Мяне расьсьмяшыла, што ён абраў цымбалы. І я падумаў, які ж ён дурны – губляць настаўніка, які быў сябрам Шастаковіча й Хачатурана.
– Мне Шастаковіч прысьвяціў музычнае сачыненьне з партыяй клярнэта, я першы гэта сыграў! Там так й напісана: "Лявону, які першым сыграў! " У мяне гэты рукапіс дома ляжыць! – і вочы яго вільгатнелі. – А цяпер, цяпер я ў задрыпанай музычнай школе нумар 1897665789, і гэта справядліва?! – «задрыпаны» было ягонае ўлюбёнае слова, настаўнік з кожным днём станавіўся ўсё больш мітычным й загадкавым.
– Не, несправядліва, – адказваў я.
– Але галоўнае, што ёсьць ты, будучы вялікі музыка! Ты будзеш вучыцца ў кансэрваторыі!
Часта ён зьнянацку пачынаў распавядаць, як абедаў з Хачатуранам, і, гледзячы яму ў вочы, я бачыў свайго настаўніка маладым, гарачым душою чалавекам, які быў шалёна ўлюбёны ў музыку…
Лявон Рубэнавіч трапіў у Беларусь у савецкія часы, тады ён быў на вышыні папулярнасьці, граў на самых вядомых сцэнах сьвету ў ГДР, Парыжы, Армэніі,