Галоўнае, што самі жывыя засталіся і дзеткі таксама. Пакуль яшчэ цёпла і на вуліцы перакантуемся. Ды й, мажліва, вайна хутка закончыцца. А ты як аб гэтым мяркуеш?
Роза тады нічога не адказала, а толькі ў адказ паціснула плячыма. Меркавала: кожны праўду знае, ды не кожны яе любіць! Яна лічылася стараннай хатняй гаспадыняй, выхоўвала дзетак, мыла, гатавала абеды для сваёй сям’і… І ніколі не лезла ў чужыя размовы, дзе фігуравала «палітычнае» пытанне. Добра ведала: як жонцы партыйца неабходна быць вельмі асцярожнай, каб не нашкодзіць Якаву. І сабе таксама. Бо яшчэ квітнеў час сталінскага хапуна, калі за нейкую дробязь маглі надоўга пасадзіць за краты, выслаць немаведама куды. Ці нават пазбавіць жыцця! Нягледзячы на маладыя гады, мудрая жанчына лічыла так: што не ўтрымаеш на сваім языку – на чужым ужо ніколі не зловіш!
Літаральна на другі дзень Роза вырашыла накіравацца на Гомельшчыну. Развіталася са сваімі суседкамі, зноўку горка заплакала. Незнаёмы шлях не толькі палохаў, але ж і трывожыў душу, хваляваў сэрца. Перахрысціўшы на развітанне будучую вандроўніцу і яе дзетак, цётка сардэчна параіла:
– Глядзі ж, мая даражэнькая, не бяры накірунак па агульнаму шляху, які да самых краёў напоўнены бежанцамі, ваеннай тэхнікай і салдацкімі калонамі. Трымайся бліжэй да лесу! Там можна своечасава затаіцца сярод рознага кустоўя і дрэў. І ягадкі,і шчаўе знойдзеце, галадаць не давядзецца!
– Дзякуй, цётачка Маруся, за слушныя парады, за клопат і цеплыню! – стрымліваючы салёныя слязіны, амаль прашаптала сухімі вуснамі маладая жанчына.
Хуценька выцерла з вабнага хударлявага тварыка мокрую гаркоту. Пільна зірнула ў самотныя шэрыя вочы спагадлівай суседцы, адразу прапанавала:
– Цётачка, міленькая! Пайшлі разам, а? І вам весялей, і нам будзе добры дарадчык у доўгай дарозе.
– Не, дзеткі, нікуды адсюль не пайду! Тут – родная зямліца, мой горад! – амаль замахала напрацаванымі рукамі немаладая кабета. – Як кажуць: на сваім сметніку і певень гаспадар. Вось так і я! Старой бабцы добра і ў шапцы.
…Яны вандруюць амаль ужо тыдзень. З такой малечай хутка не разгонішся! Яшчэ ж цяжкая торба за плячом таксама дасылае напамінак пра сябе. А на руках – маленькі Міхаська спіць… Начавалі там, дзе давядзецца. У лесе, у лузе, нават у полі каля старой скірды. Дзеткі заўсёды спалі моцным сном, а Роза ўсё ніяк не магла заснуць. Усё дзівілася на высокае зорнае неба, шукала поглядам Вялікую і Малую Мядзведзіцу. Думкі беглі навыперадкі, пакідаючы прыемныя ўспамінкі.
Не так даўно яна разам з мужам любавалася на гэты дзіўны зарапад са свайго ўтульнага балкона. Цішком ад сваіх дзяцей абдымаліся, пяшчотна цалаваліся, быццам юныя закаханыя. Нават не думалі тады пра вайну, разлуку, смерць… Будучыня ўяўлялася светлай і бесклапотнай. А што ім яшчэ трэба?! Маладыя, прыгожыя, закаханыя… І трое дзетак у кватэры – самы лепшы падарунак ад Усявышняга!
На балконе заўсёды квітнелі да позняй восені розныя кветкі, радавалі вочы, уздымалі