Коллектив авторов

Калі цвіла чаромха (зборнік)


Скачать книгу

Хоць бы не запытаўся пра яе нацыянальную прыналежнасць! Хоць і баяцца няма чаго. Аблічча ў яе тыпова славянскае, а вочы – васільковыя. І валасы русявыя, крышачку нават кучаравыя, якія схаваліся пад белай хусцінкай. Малыя таксама русявыя, сінявокія. Зусім не падобныя на яўрэйскую сям’ю! Дакументы таксама станоўча аформлены. Каханы муж, Якаў, пастараўся. Акурат нядаўна зрабіў ёй новы пашпарт. З чужым прозвішчам… І «перахрысціў» жонку, назваў Наталляй. Растлумачыў: гэта – канспірацыя. Каб ніхто не здагадаўся, што яна – жонка партыйнага чалавека!

      Але ж напалоханы верабейка і цёмнага кустоўя ўвечары баіцца. Так і яна. Ведала: вайна не шкадуе ні малых, ні старых. Вогненная хваля з грукатам паціху аддалялася, імкліва кацілася на ўсход. А ў лесе можна сустрэць не толькі ваўка, але і ворага, бандыта…

      – Дзе ж твой гаспадар, а? І не забаяўся ён адпускаць у далёкую дарогу такую красуню з маленькімі дзеткамі? – з усмешкай пацікавіўся барадач. – Жанчына без мужчыны, як гарох пры дарозе! Кожны імкнецца нечым паласавацца…

      – Пад руінамі загінуў у Мінску, – ціха адказала і апусціла вочы. Бо хлусіла. Не казаць жа праўду гэтаму «лесавіку», што муж – партыйны чалавек. Пры любых абставінах неабходна моцна сябраваць з розумам, трымацца прыстойна. Беражонага і сам Гасподзь зберагае!

      Дзядзька заклапочана зірнуў на дзяцей, на маленькага Міхаську, нечакана параіў:

      – Трымайся вось гэтага шляху! Выведзе да ціхай і маленькай вёсачкі. Там можна крыху адпачыць, падсілкавацца. У першую хату зазірні. Запомні: брама блакітнага колеру. Скажы, што, маўляў, Пятро Мох да вас прыслаў. Сваячка там мая жыве, Мар’яша. Добрая кабета. Упэўнены, не адмовіць, прывеціць. І паліцаі туды рэдка зазіраюць!

      Потым мужчына палез у кішэню, дастаў адтуль ладны кусок цукру, з усмешкай працягнуў Розе:

      – Вось, вазьмі дзятве салодкі пачастунак. Выбачай, больш нічога ў мяне сёння няма. А я патупаю далей, вунь у той сасоннік. Людцы кажуць, там мноства грыбоў. Шчаслівай дарогі. Беражы дзетак. Яны – найлепшае нашае багацце ў жыцці! Бывайце!

      Узмахнуўшы моцнай рукой, Пятро хутка знік за алешнікам.

* * *

      Як і казаў Пятро Мох, Мар’яша прыветліва сустрэла нечаканых гасцей. Гэта была яшчэ не старая кабета, гадоў за сорак. Невысокая, хударлявая. Апранута была па-сялянску проста, але чыста. Але самае галоўнае, не лезла ў душу з рознымі роспытамі, нічым не цікавілася. Толькі запыталася:

      – Вы гараджане? Ад вайны ўцякаеце?

      Роза кіўнула ў адказ. Цень трывогі хмаркай зноўку прабег па яе мілавідным абліччы, затаіўся ў вачах. Гападыня больш нічым не цікавілася. Яна запрасіла падсілкавацца тым, што бог даў. Вандроўнікі адразу памылі рукі, прыселі за абедзенны стол. Духмяная бульбачка з агуркамі былі ў той вечар самымі цудоўнымі пачастункамі на свеце!

      Спаць паклалі прама на падлозе, на духмяным сене. Вольнага месца ў хаціне не знайшлося. Сямейка Мар’яшы налічвала пяцёра чалавек. Дзеціпадлеткі, свякроўка са свёкрам уклаліся на ложках, на драўлянай канапе. Сама гаспадыня залезла на шырокую печ. Доўга