Уладзімір Караткевіч

Леаніды не вернуцца да Зямлі


Скачать книгу

ён, – потым самі будзеце веславаць. Я пераплыву… Не трэба, каб нас бачылі разам, ваша высакароддзе.

      Яны моўчкі сушылі вопратку каля агню. А потым, калі размялі рукамі сухую, пакарабачаную тканіну, заўважылі, што над Дняпром не толькі завязаўся світанак, але ўжо й даволі добра абадняла.

      У гэтым жаўтавата-шэрым брудным святле вялікая рака сціхла, быццам застыдаўшыся таго, што нарабіла ў мінулую ноч. Усё яшчэ было ветрана, але нізавы вецер даў месца верхавому, і той, як добры дзядзька, сагнаў хвалю, разгладзіў сваім подыхам пахмурную паверхню ракі. Яшчэ падалі кроплі дажджу, але відаць было, што дзень хутка заўсміхаецца ўсімі сваімі прамытымі і цёплымі фарбамі. Дый дождж крапаў такі рэдкі, што незразумела было: ці то падалі скупыя кроплі, ці небывала дружна хадзіла «жорам» верхаводка.

      Іван скруціў вопратку ў вузел і, трымаючы яе ва ўзнятай руцэ, сказаў:

      – Дык я паплыву, ваша высакароддзе… Прыйду потым на кардон паплавамі.

      I сказаў, быццам даравання прасіў, быццам не афіцэр падбіў яго на процізаконны ўчынак:

      – Вайна вайною, а баб шкада… Вельмi баб шкада.

      …Калі Гораў, не зусім спрытна валодаючы вяслом, пераадолеў Дняпро і паплыў ля нізкага берага, дзень вось-вось павінен быў перамагчы світанне. Раскашавала мокрая лаза, цяжкія някошаныя травы на берагах дымелі, з улоння Дняпра плыла сытая пара, як ад вядра з сырадоем.

      «Божа, – падумаў Гораў,– нават рэкі цякуць малаком. I на гэткай благадатнай зямлі паміраць? I такою светлаю раніцай чакаць смерці? Ну не, няхай хоць на дзве гадзіны скароціць такое чаканне – і тое выдатна. I я не шкадую».

      За павароткаю ракі адкрыўся, зусім непадалёку, кардон. На паромным прычале стаяў, успёршыся на балясы, млявы Пора-Леановіч з сігаркаю ў зубах. Паплёўваў у ваду. Іранічным позіркам глядзеў на човен, які набліжаўся, выплываў з імглы.

      Гораў прывязаў човен у лазе, выбраўся з яе на сухі бераг і пайшоў паўз прычал. Леановіч глядзеў на зграбную постаць маладога чалавека нейкімі дзіўнымі, саркастычна-пагардлівымі вачыма. I гэтыя вочы прымусілі Горава зрабіць выгляд, што нічога не было, што яны толькі што развіталіся.

      – Баюся, што вы дарэмна пайшлі на парушэнне прысягі, капітан Гораў.

      Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча.

      – Тут не прысяга. Вайсковы загад не можа датычыцца жанчыны, якая вязе літасць цара свайму мужу. І той не афіцэр, хто не дапаможа жанчыне ў такіх абставінах.

      – Вы яшчэ хлопчык, капітан… I як лёгка яна вас абдурыла.

      – У яе загад графа Мураўёва.

      – Святая нявіннасць… Стары хрэн проста не можа раўнадушна бачыць жаночае хараство.

      – У яе загад. I нельга гуляць жыццём памiлаванага. На вуснах Пора-Леановіча з’явілася ўсмешка.

      – Вы лічыце, што наш граф так лёгка выпускае з пятлі людзей?

      – Н-не разумею вас.

      – Яму проста апрыкралі жаночыя просьбы. Яму да слёз хочацца, каб яго лічылі высакародным, каб хоць адна прыгожая жанчына лічыла вылюдкам не яго, а Фільку.

      – Што?

      – Ён замяняе страту пажыццёвай катаргай і пасылае жанчыну.