што…
Ён пазяхнуў.
– …пакуль што ідзіце лепей выспіцеся… Бадай што, і я пайду.
Голас і ўся яго манера былі поўныя такой усеўладнай і лянівай сілы, што Гораў адразу звяў. Неўсвядомлена, нейкімі глыбінямі душы ён разумеў, што гэты чалавек падобны на сціснутую спячую спружыну, якую лёгка выпусціць з палону, і тады яна б’е – да смерці. Няварта было рызыкаваць, раз апошняе дзеянне ўсё ж засталося за ім, Горавым. Юрый як мага спакойней паглядзеў у яго лянівыя вочы, поўныя жахлівай пагарды да ўсяго і пустаты, на рэзкі шнар паўз брыво.
– Бадай што, ваша праўда, – сказаў ён, – я добра папрацаваў сёння ў тыя дзве гадзіны, што вы спалі. Трэба адпачыць.
I ён пайшоў угору, да хаткі паромшчыка, вельмі праменькі і ладны. Пора-Леановіч глядзеў яму ў плечы цяжкім, як ртуць, позіркам.
– Хлапчыска, – сказаў ён.
…Гораў спаў да дзесяці гадзін. Калі ён, умыты, ружовы ад сну і заспакоены, выйшаў з хаты на бераг, ён убачыў Леановіча ў той самай паставе, успёртага на парэнчы паромнага прычала. Сігарка дымела ў яго тонкіх спакойных губах, быццам не гадзіны прайшлі з іх ранішняй размовы, а толькі некалькі секунд. Юрый стаў ля парэнчаў у некалькіх кроках ад яго.
– Выспаліся? – спытаў Гораў.
– Анягож, – роўным тонам, быццам нічога паміж імі не адбылося, адказаў Леановіч.
– Ну вось і добра, – сказаў Гораў,– зараз снедаць будзем. Сымон ужо і гарэлку на стол паставіў… Чаму не пагаманіць пра месца чалавека на зямлі?
Леановіч пакасіўся на яго:
– Сумленне спакойнае, чаму і не пагаманіць.
Яны моўчкі стаялі амаль поруч. Леановіч паплёўваў у ваду, Гораў абдзіраў луб з ліпавага прутка.
На процілеглым беразе, над адхонам, з’явілася параконная запрэжка ў лёгенькай брычцы. Фурман, асцярожна трымаючы коней за аброць, зводзіў яе да пераправы. Колы брычкі небяспечна падскоквалі па размытых байраках каляін. На заднім сядзенні сядзеў нехта ў вайсковай форме.
– Трэба будзе даслаць салдат, каб падправілі спуск, – абыякава сказаў Леановіч. – I каго гэта яшчэ нясе?..
Зрок у Горава быў не горшы, чым у сапсана.
– Учарашні ўлан едзе, – сказаў ён і не ўтрымаўся: – Мазалі, відаць, набіў на паўшар’ях, як пірагі.
– Гэ-эй, – пралунаў над ракою зычны голас.
Афіцэры стаялі моўчкі. Перад імі плыла імкліва-спакойная, скаламучаная плынь. Дзень раздумаў пагодзіцца, і светлаватыя хмары віселі над безжыццёвай ракой.
– Гэ-эй, – крычалі з таго боку два галасы, – паро-ом, паром, паром!
Леановiч лянiва павярнуўся да Iвана. Iван стаяў над адхонам, свежанькi, быццам усю ноч хроп у стайнi.
– I чаго наддзіраюцца? – незадаволена сказаў Леановіч. – Бяры, Іван, трох салдат і перавязі гэтых гарлапанаў сюды.
– Хто з афіцэраў паедзе, ваша высакароддзе?
– Ніхто, – сказаў Леановіч.
…Увесь час, пакуль паром пераплываў раку, афіцэры стаялі моўчкі. Няшчыра спакойнымі вачыма яны глядзелі, як адбітак зялёнага берага, разарваны рухам парома, ляніва калышацца ў вадзе, як дрыжачых коней узводзяць на паром, як замацоўваюць