памяці слаўнага сына зямлі беларускай. У нашай дзяржаве існуюць узнагароды – медаль Ф. Скарыны і ордэн Ф. Скарыны. Несумненна, на высокім дзяржаўным узроўні, з шырокім удзелам грамадскасці будзе адзначана і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ў 2017-м… Відавочна, сваё новае слова пра першадрукара і легендарнага асветніка скажуць паэты, празаікі, жывапісцы, графікі… Мо будуць перавыдадзены мастацкія і мастацка-публіцыстычныя даследаванні ранейшых дзесяцігоддзяў.
Але ж самога Францыска Скарыну шырэй павінен ведаць і ўвесь свет. Чаму б не выдаць на мовах народаў свету адзін з невялікіх тэкстаў асветніка?.. Дарэчы, такую ідэю ўжо агучвалі лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэт Алесь Разанаў (яшчэ ў яго кнізе «Адраджэнне» (Мінск, 1970) змешчаны скарынаўскі верш «Радзіме»), паэт, публіцыст і перакладчык Сяргей Панізнік (яго паэтычная далучанасць да вобраза
Скарыны – з першых вершаваных зборнікаў «Кастры Купалля» і «Палявая пошта»), і іншыя творцы. У 1982 і 1983 гадах была выдадзена ўкладзеная В. Рагойшам і Я. Раманоўскай кніга Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету», дзе разам былі сабраны больш за 80 перакладаў славутага купалаўскага верша, напісанага ў 1905–1907 гг. У тым ліку і пераклад на рускую мову Максіма Горкага (упершыню надрукаваны ў 1911 г. ў альманаху «Современный мир»). Як прыклад, можна згадаць кнігу Тараса Шаўчэнкі «“Заповіт” мовамі народів світу» (Кіеў, 1989), у якой змешчаны пераклады праграмнага верша Вялікага Кабзара на 147 (!) моў свету. Беларускі пераклад належыць Янку Купалу – «Запаведзь»:
Як памру я, пахавайце
На Ўкрайне мілай,
Сярод стэпу на кургане,
Дзе продкаў магіла:
Каб нязмеранае поле,
Дняпро і абрывы
Было відна – было
чутна, Як раве бурлівы!
У Туркменістане яшчэ ў сярэдзіне 1980-х выдалі невялікую кніжачку Махтумкулі «Лёс туркмена» на мовах народаў СССР. Дарэчы, беларускі пераклад гэтага верша зрабіў Уладзімір Караткевіч.
Які ж тэкст Францыска Скарыны прапануецца да перакладу?.. Вось як ён гучыць на сучаснай беларускай мове:
Як звяры,
што блукаюць у пушчы,
ад нараджэння
ведаюць сховы свае,
як птушкі,
што лётаюць у паветры,
помняць
гнёзды свае,
як рыбы,
што плаваюць у моры і ў
рэках, чуюць
віры свае
і як пчолы
бароняць вуллі свае —
гэтак і людзі,
да месца, дзе
нарадзіліся і
ўзгадаваны ў Бозе,
вялікую ласку маюць.
Тэма Радзімы, суладдзя і згоды, адвечнай паяднанасці з роднай старонкай, пачуццё адказнасці і асэнсаванне абавязку перад бацькоўскім краем – вось лейтматыў выказанага першадрукаром і асветнікам. Куды б цябе, чалавеча, не закінуў лёс, памятай, што ёсць тая мясціна, куды ты наяве ці ў думках павінен вярнуцца.