ня будзе! Прынамсі, у гэтым скафандры мы надзейна абароненыя ад мэханічных пашкоджаньняў, – разважліва прамовіла трэцяя.
– Анягож, у гэтым скафандры мы станем пасьмешышчам для ўсяго сьвету!
– Усё будзе клёва! Плюнь на гэтых казлоў і на тое, што яны пра цябе думаюць!
– Дарэчы, заход сонца быў прызначаны на другую гадзіну! Ці не пара б нам прыкончыць гэтае пахмельле, а то я ўжо нічога не разумею!
Апошняя думка падалася Андрэ адзінай бясспрэчна слушнай. Ён пералічыў рэшту грошай, што ў яго засталіся, і рашуча накіраваўся ў бар, які месьціўся на другім канцы плошчы…
– Гэй! Біг Бэн! Ты зь якога палка?
Павярнуўшыся, Андрэ ўбачыў за суседнім столікам падпітага калматага мужыка з нахабнай фізіяноміяй, які зыркаў на яго вытарашчанымі брунатнымі вачыма.
– З чацьвёртага верталётнага! – крыху падумаўшы, адказаў Андрэ.
– Ты што, замежнік?
– Яволь!
– Якой трасцы тады ты напяў на сябе гэтую пажарную каску? Вайна даўно скончылася.
– Заўтра раніцай я выпраўляюся на ўсходні фронт. Туды, дзе вайна ня скончыцца ніколі.
Мужык адпіў з куфля й зноў паглядзеў на Андрэ.
– Не забудзься прыхапіць валёнкі. Тамака ў Сыбіры, кажуць, суворыя зімы.
У кнайпе сталася цесна. Публіка вакол шумела і ў прынцыпе не зьвяртала на Андрэ асаблівай увагі. Толькі зрэдку мімаходзь ён лавіў на сабе асобныя цікаўныя позіркі. Мабыць, цяпер ён сапраўды быў падобны да лёнданскага Біг Бэну, што самотна ўзвышаўся ў тумане пракуранай піўнухі, працінаючы неба вострым пазалочаным шпілем. За вакном браліся прыцемкі. Працягваць размову з калматым мужыком не хацелася.
– Добра, пайду! Перад дарогай трэба выспацца. Аўфідэрзэен!
– Удачы! Здабудзь сабе валёнкі ў баі! – з ухмылкай прароў мужык і зноў уткнуўся ў куфаль.
Падышоўшы да барнай стойкі, Андрэ разьлічыўся з кельнэркай у квяцістым фартуху. Цяпер яна паглядала на яго са спагадай, быццам ведала, што раніцай ён рушыць у далёкую, загадкавую краіну, адкуль ужо ніколі ня вернецца. Ухмыльнуўшыся ў адказ, ён падхапіў заплечнік і выйшаў у прахалоднае сутоньне здранцьвелых восеньскіх вуліцаў.
Вярнуўшыся ў свой пакой, Андрэ знайшоў маленькую паперку, прышпіленую да дзьвярэй. На белым аркушыку былі нумар мабільнага тэлефону й кароткае слова: «Франка». «Халера, я нават не пасьпеў разьвітацца з маёй Францыяй! Добра, цяпер ужо няважна. Буду ў Бэрліне, телефанаваць усё роўна ня стану», – падумаў ён і адразу накіраваўся ў ванную, каб нарэшце добра разгледзець сябе ў вялікім люстры.
Андрэ ня быў прыгажуном і таму зазвычай не карыстаўся посьпехам у пекных паненак. Кожная перамога давалася яму зь неймаверным намаганьнем. Даводзілася браць розумам, абаяньнем, парой – рэвалюцыйнымі сьпевамі й прамовамі. У адрозьненьне ад прыгажуноў-мачо, твар ён меў сярэднестатыстычны, невыразны: бляклыя зеленавата-балотныя вочы, крыху кірпаты нязначны нос, запалыя шчокі без прыкметаў жыцьцесцьвярджальнага румянцу. Калі б ён меў мужны падбародак, то ўся канструкцыя магла б набыць завершаны выгляд. Але