Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік)
выпадку бутэльку старой выкшталцонай слівовіцы.
Дык вось. Менавіта стварэньне сваёй мовы ставіць Максімюка нароўні з Джойсам. І можа нават Гамэрам. Гэта той мэтафізічны пункт, які канчаткова завяршае падарожжа. Тая вышыня, зь якой ўжо ўсё бачна.
І цяпер можна спакойна выдаваць другі том Уліса.
Mojфj ћфnci Halinci siкtu kniћku dedykuju
Насустрач бацьку
Спроба вытлумачэньня трох першых эпізодаў „Уліса” Джэймса Джойса
Разаграваньне тэмы альбо гістарычная глёса
Першы раз я прачытаў „Уліса”[1] ў 1975 годзе, у польскім перакладзе Мацея Сламчынскага. Было гэта другое польскае выданьне, выдрукаванае ў двух тамах у бэжавай вокладцы, пад якой ішлі замежныя аўтары сэрыі „Biblioteka Klasyki Polskiej i Obcej” (польская клясыка ішла ў бардовым пераплёце). Мне тады было сямнаццаць, і ў мяне быў складзены доўгі сьпіс сусьветных шэдэўраў, якія абавязкова трэба было прачытаць. „Уліс” трапіўся недзе паміж „Чарадзейнай гарою” і „Ў пошуках страчанага часу”. Я быў халерна заядлым чытачом, і таму другі том польскага „Ўліса” дачытваў з заціснутымі зубамі, нічога ня цямячы і нічога не стараючыся запамятаць. Вельмі хацелася вычыркнуць кніжку з свайго сьпісу. Было прадвесьне, а я хадзіў у ліцэй у Гайнаўцы.
Летам 1978, калі мы з бацькам сушылі сена ў нас у Ляхах,[2] „Уліс” зьявіўся ў маім жыцьці зноўку. Лістанош прынёс вестку, што прыйшла пасылка з кніжкамі, якія я выпісаў на міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве ў траўні, ужо будучы студэнтам першага курсу фізыкі. Я тады першы раз убачыў столькі выданьняў на ангельскай мове і крыху адключыўся ад рэальнасьці, замовіўшы каля трыццаці кніжак самага таннага англамоўнага выдавецтва – „Penguin Books”. Кніжкі прыйшлі на пошту ў Кленіках[3] (маміна родная вёска), і за іх трэба было заплаціць – 2500 злотых. Месячная студэнцкая стыпэндыя ў той час цягнула на 1200 злотых. Наступнага дня мама паехала па кніжкі роварам, а я капічыў сена, застаўшыся сам-насам зь невыносным цяжарам маўклівага бацькавага гневу. Сярод гэтых выданьняў, у асноўным раманаў Джозэфа Конрада, Уільяма Фолкнэра і Патрыка Ўайта, „Уліс” вылучаўся сваім большым фарматам. Акрамя таго, кніжкі мелі свой характэрны, кіславаты пах, вельмі адрозны ад паху польскіх і савецкіх выданьняў. Гэты пах заўсёды цьмяна адчуваецца мною ў водары сушанага сена.
Бальшыню з тады замоўленых кніжак я прачытаў на летніх вакацыях, рыхтуючыся да паўторных экзамэнаў у верасьні. (Наколькі памятаю, не было такіх вакацыяў, каб я не заваліў хоць аднаго экзамэну.) Такім чынам, чытаньне літаратуры, асабліва на ангельскай мове, спалучаецца ў мяне з пачуцьцём вінаватасьці і напружанасьці як умоўным рэфлексам. „Уліс” застаўся наастатак, калі я рыхтаваўся да самага апошняга, дыплёмнага экзамэну. Было гэта ўжо сярод іншых сьценаў і іншых галасоў, восеньню 1984 у Бельску. Жылося мне ў той час зусім безнадзейна: я штодня ўставаў а палове шостай і йшоў на цягнік, які за гадзіну і пятнаццаць хвілінаў дапаўзаў да Беластоку, дзе я вучыў ангельскай мове 300 дзяцей у пачатковай школе. Вяртаўся назад зноў у поцемках, сплючы