Ян Максімюк

Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік)


Скачать книгу

смакуе больш за сапраўдны. Раней, а як жа – Карсан МакКалерс і Ўільям Фолкнэр, француз Патрык Мадыяно і нарвэжац Тар’ей Вэсас, нават ГДР-авец Эрвін Штрытматар. Магчыма, гэта зьвязана зь векам. Томас Пінчан падабаецца, але ні ў чвэрці не выклікае тае жарсьці, што выклікаў Джойс. „Gravity’s Rainbow” is cool, – кажуць амэрыканцы. Менавіта…

      Апошнія некалькі гадоў я стаў зь ціхім жахам заўважаць, што бяруся чытаць кніжкі з адной толькі мэтай – каб даведацца, што ў іх пішацца.

      Сваю дыплёмную працу я самааддана дапісаў і пасьпеў скласьці апошні экзамэн за два дні перад адыходам у войска. Да гэтага часу я таксама здолеў перакласьці тры першыя эпізоды „Ўліса”. Пішучай машынкі ў мяне тады не было (о старажытная, дакампутарная часіна!), і я пісаў тушшу, сталёвымі пёрамі, паўсотні якіх закупіў яшчэ ў студэнцкую пару, калі запрагнуў вывучыць пэрсыдзкую мову. З пабочных дапаможнікаў у мяне былі пяцітомны слоўнік беларускай мовы і двухтомны ангельска-расейскі слоўнік прафэсара Гальперына.[5]

      Дванаццацімесячны побыт у войску – якое ў той час заўзята выконвала ролю выхавальніка патрыятычна-сацыялістычнага духу і было своеасаблівым antidotum супроць падпольнай „Салідарнасьці” – падрыхтаваў мой мозг і душу да ўспрыняцьця Джойса так, як, мабыць, побыт у тыбэцкім кляштары рыхтуе маладога мніха да ўспрыняцьця навукі Буды і дасягненьня нірваны. Сутрамі былі палітычныя заняткі, а мантрамі выбраныя месцы з чатырох статутаў узброеных сілаў.[6] Пасьля войска я адчуў сябе агромністай парожняй судзінай, якая ў змозе ўмясьціць усё што заўгодна – трапічны лівень, лад admirativus у альбанскай мове, наступнае беларускае адраджэньне, клясыфікацыю мінэралаў, вялікалітоўска-расейскі слоўнік Я. Станкевіча, шэсьць пунктаў ірляндзка-беларускага падабенства, паэзію Джона Шэйда, таўканіцу з кіслым малакам, мэлянхолію яцьвягаў ва ўрочышчах левабярэжнага Панароўя, etc., etc. Стан падобнай віртуальнай ненасытнасьці (virtual insatiability) культуроляг І. Бабкоў мадэлюе на прыкладзе цяперашняй беларускай культурнай сытуацыі, зьвязваючы яе (ненасытнасьць) – як выдаецца, слушна – з посткаляніяльнай дзірой незапатрабаванага патэнцыялу (postcolonial hole of unclaimed potential), перад якім часова разамкнуліся палітычна-ідэалягічныя бар’еры.[7] Я, на шчасьце, меў „Уліса”, каб упіхнуць яго ў зеўру свае неспатолі.

      Праца над перакладам неяк арганізавала і надала кірунак маім штудыям у гуманітарнай сфэры, якая заставалася terra obscura на працягу доўгіх гадоў бясплённай трэніроўкі ў матэматыцы. Пасьля крышталёвых палацаў каралевы навукаў гуманістыка падалася мне разьлеглым дрыгвяністым балотам з размытымі грэблямі і багністымі астраўкамі, але іншага тут, мусіць, ня дадзена, і на іншае я не спадзяваўся. Цераз гэтыя размоклыя абшары я дайшоў да восені 1993, калі можна было здаць палову перакладу ў друк. Адзінай вядомай мне асобай, якая разьбіралася адначасова ў тарашкевіцы і ангельскай мове, быў Сяргей Шупа, які й зрэдагаваў пераклад. Дух Шупы, трэба тут выразна адцеміць, гуляе,