Андрэ Маруа

Навелы


Скачать книгу

Мне гэтая смерць, як пазалеташні снег…

      – Ну так, я разумею, але ж нельга адступаць ад формы.

      Бертран уздыхнуў, сеў за стол і ўзяў аркуш паперы:

      «Шаноўная пані, – напісаў ён, – ваш ліст крануў мяне да глыбіні душы. Як гэта далікатна з вашага боку падумаць пра мяне ў вашым бязмежным горы і самой паведаміць аб гэтай сумнай падзеі! О так, я са смуткам узгадваю мае нячастыя візіты на вуліцу Даміет. Хараство навакольных мясцін, грацыёзная, зусім яшчэ юная жвавасць вашай беднай мамы, яе дабрата да мяне, тады яшчэ дзіцяці, – усё гэта пакінула ў маёй памяці цудоўныя, незабыўныя вобразы. Я ведаю, як самаахвярна вы былі прывязаны да сваёй маці, і спадзяюся, што сардэчная прыхільнасць вашага мужа і дочак паможа вам ізноў прывыкнуць да жыцця. Калі мне давядзецца праязджаць цераз Пон-дэ-Лёр, абавязкова зайду да вас, і мы пагаворым аб нашым мінулым. Застаюся, шаноўная пані, з самымі пачцівымі і найлепшымі да вас пачуццямі…»

      Ён працягнуў аркуш Ізабэле:

      – Чытайце. Па-мойму, гэта чысты здзек.

      Ізабэла шпарка прагледзела ліст і, вяртаючы яго Бертрану, сказала з здавальненнем і зусім сур'ёзна:

      – Гэта якраз тое, што трэба.

      Біяграфія

      Вялізная сталовая была слаба асветлена завешанымі лямпамі. У гэтым годзе ў Лондане ўсталяваўся звычай абедаць у паўзмроку. Эрвэ Марсена, адшукаўшы сваё месца, убачыў, што ён сядзіць каля вельмі старой жанчыны, убранай у жэмчуг, лэдзі Хемптан. Ён не выявіў нездавальнення. Пажылыя жанчыны бываюць паблажлівыя і часам расказваюць цікавыя гісторыі. Ну, а гэта, калі меркаваць па яе косым насмешлівым позірку, не была пазбаўлена жвавасці і гумару.

      – На якой мове вы жадаецце размаўляць, пан Марсена?.. Па-французску ці па-ангельску?

      – Калі вам усё роўна, лэдзі Хемптан, мне лепш па-французску.

      – А пішаце вы больш на ангельскія тэмы. Я чытала вашу кнігу пра Джозэфа Чэмберлена. Вельмі мяне забавіла, бо ўсіх гэтых людзей я ведала… А цяпер што вы мяркуеце рабіць?

      Малады француз уздыхнуў:

      – Мне б хацелася намаляваць вобраз Байрана, але аб ім ужо столькі напісана. З навінкамі я азнаёміўся грунтоўна. Захаваліся пісьмы Мэры Шэлі, паперы графіні Гвічыёлі, але ўсё гэта апублікавана. Мне б што-небудзь свежае, невыдадзенае, а толькі дзе яго знойдзеш.

      Старая дама ўсміхнулася:

      – А калі я вам знайду нешта свежае, прыгоду Байрана абсалютна невядомую?..

      Эрвэ Марсена міжвольна зрабіў рэзкі рух, як паляўнічы, што раптам угледзеў у кустах аленя альбо дзіка, ці як біржавы спекулянт, нарваўшыся на акцыі, цана якіх павінна падскочыць.

      – Прыгода Байрана абсалютна невядомая? Гэта была б сенсацыя, лэдзі Хемптан, пасля ўсіх пошукаў.

      – Ну, можа, я перабольшыла, сказаўшы «абсалютна невядомая»… Імя ўжо называлі. Я маю на ўвазе лэдзі Спенсэр-Свіфт.

      Эрвэ скрывіўся:

      – А! Тая самая… Ведаю… Але ж пра яе сувязь з Байранам нічога пэўнага, нічога дакладнага.

      – Дарагі пан Марсена, а вам часта трапляе ў рукі што-небудзь пэўнае ў такіх справах?

      – Вельмі