Андрэ Маруа

Навелы


Скачать книгу

за мяне старэйшы. Ён мне расказваў пра літаратуру і мастацтва. Мне хацелася запісаць яго бліскучыя думкі. Мне так прыемна было яго слухаць. У яго фенаменальная памяць. Ён чытаў мне вершы Вальтэра Скота і лорда Байрана. Якая асалода, век бы слухала! Адчуваю, што, каб я жыла з такім чалавекам, як лорд Пітэрсан, у мяне быў бы вялікі прагрэс. Але ён у гадах, а я выйшла замуж да канца сваіх дзён. Наглытаешся смутку, бедная Пандора!

      Працяг дзённіка сведчыў, што на яе зрабіла моцнае ўражанне паэма Байрана «Паломніцтва Чайльд-Гарольда». У гэтым яна прызналася мужу, і той адказаў так: «Байран? Дык я ж яго добра ведаю. Я сустрэў яго тады, калі ён, як і я, вандраваў па свеце. Мы правялі разам вясёлыя ночы ў Італіі… Вярнуўшыся, ён запрашаў мяне да сябе ў Ньюстэдскае абацтва, дзе ён трымае трупу німфаў, пра якіх я мог бы расказаць шмат пікантных анекдотаў, але гэта не для нявінных вушэй маёй жоначкі… Ха-ха-ха!»

      Потым у белым альбоме можна было прасачыць, з якім спрытам і як настырна схіляла Пандора сэра Ўільяма, каб той запрасіў Байрана ў Уайндхорст. Муж абараняўся: «А што мы будзем рабіць з ім? – гаварыў ён. – Нудзіцца пачне. Са мной на паляванне ён не пойдзе – нага кульгавая. Звяроў страляць не прывык». Жонка не здавалася: «Ну, тады я зраблю яму кампанію». Сэр Уільям абурыўся: «Вы, вы ў кампаніі з гэтым бабнікам, з гэтым донжуанам!.. Вы што, думаеце, я пакіну сваю жонку адну з Байранам?.. Не маю ніякага жадання пускаць гэтага шалапута, гэтага браканьера на сваю тэрыторыю».

      Аднак трыумфальны поспех Байрана ў Лондане падзейнічаў на сельскага джэнтльмена, і праз некаторы час ён пачаў ганарыцца гэтым сяброўствам, нават выхваляўся перад суседзямі. Нараджэнне дзіцяці ўмацавала пазіцыі лэдзі Спенсэр-Свіфт. А чаму б не папрасіць Байрана быць хросным яе дачушкі? Гучнае імя казытала самалюбства мужа. Сэр Уільям здаўся: «Я напішу яму, але ж ён не згодзіцца. Яму хапае па горла жанчын і работы». Аднак Байран згадзіўся. Ён любіў кантрасты і дысанансы. Тое, што сатанінскага паэта надумаліся выбраць хросным, ды яшчэ каго – маленькай дзяўчынкі, яго вабіла і спакушала.

      Эрвэ Марсена так захапіўся чытаннем, што яго не бралі ні голад, ні смага, ні сон. Але руплівы Мілер не забыў наведаць яго ў суправаджэнні лакея з падносам.

      – Лэдзі Спенсэр-Свіфт вітае вас і пытаецца, можа, ёсць якая патрэба, сэр?

      – Ніякай. Скажыце ёй, што гэта так цікава, што я, відаць, прабуду тут усю ноч.

      Дварэцкі зірнуў на яго з прыхаваным нездавальненнем.

      – Усю ноч, сэр? Сапраўды? Тады мне прыйдзецца прыслаць сюды запасныя свечкі.

      Эрвэ хутчэй пакаштаваў, чым з'еў свой абед, да прыкрасці ангельскі, і прагна ўзяўся за альбом. Прыезд Байрана апісваўся з хваляваннем. Імклівыя дробненькія літары ледзь-ледзь удавалася разабраць.

      «Сёння раніцай аб адзінаццатай гадзіне прыехаў лорд Б. Які ён прыгожы і бледны! Ён выглядае няшчасным. Саромеецца сваёй кароткай нагі. Гэта можна заўважыць, бо ён не ходзіць, а бегае, каб калецтва не кідалася ў вочы. Як ён памыляецца! Гэты недахоп робіць яго яшчэ больш цікавым. Проста дзіўна,