Вінцэсь Мудроў

Забойца анёла (зборнік)


Скачать книгу

дзвярэй айца Антонія пераняў Кузік. Віскнуўшы, ён ліслівым катом падбіўся пад ногі і ціха брахнуў.

      – Што, насваволілі? Цяпер лашчышся?

      Айцец Антоні нахіліўся, каб патрэсці Кузіка за гагавіцу, але нечакана выпрастаўся і пасуровеў з твару. Ад кучы цэглы, скачучы, як спутаны конь, шкандыбаў Тузік. Задняя лапа ягоная была перабітая ў суставе і бездапаможна матлялася ў паветры.

      – Што ж ты, братка… – са шкадобай у голасе выдыхнуў святар, прысеўшы над кудлатым гаротнікам, – бег мяне ратаваць? Эхэ-хэ-э…

      Тузік глядзеў на гаспадара вільготнымі чорнымі вачыма, якія раптам затуманіліся і сталі падобныя на маціцовыя гузікі.

      – У такі дзень… – прашаптаў святар, і твар ягоны злёгку прасвятлеў: на другім канцы вуліцы, гудучы на пад’ёме, азваўся міліцэйскі «жыгуль».

      …Кузік хацеў адчыніць непадатныя весніцы, але сіл не хапіла, і ён, стаўшы на лапы, прыслухаўся. Да вушэй далятаў толькі голас даішніка.

      – Ну што вы, які ветэрынар, калі ў суставе перабітая…

      – Вы не хвалюйцеся. Шпокну ў вуха – ён нічога і не пачуе… Без лапы – якое жыццё… Ну, вядома, не тут… Адвязу ў лес… У мяне і рыдлёўка ў багажніку…

      Праз няшчыльна падагнаныя дошкі было бачна, як гаспадар парукаўся з Вазняком, хацеў было ізноў ісці на цвінтар, ды тут убачыў ля сваёй хаты матухну Пелагею. Жонка раскрыліла рукі, ляпнула імі па сцёгнах. Жонка сердавала: у хату, на разговіны, прыйшлі госці – бычкоўскі бацюхна, швагер з жонкаю, сын з нявесткай, а ён ходзіць немаведама дзе… І айцец Антоні, махнуўшы рукой, рушыў следам за «жыгулём».

      Пасля разговінаў айцец Антоні прылёг адпачыць і праспаў да вечара. Абудзіла яго бразганне посуду на кухні і прытоенае жончына мармытанне.

      – Розуму ж у сабак зусім няма. Толькі яго пачуюць – кідаюцца, як ашалелыя. Ну і тут кінуліся. Вазнячыху перапудзілі… заікацца пачала. Ёй жа на ўсяночнай млосна стала, дык вывелі… Сядзела, да сцяны прытуліўшыся, ды, кажуць, заснула… А тут… гэтыя… брэшуць, у царкву лезуць… Вазнячыха і загарлала з перапуду, папаўзла ўздоўж сцяны. Карацей, і смех, і грэх… – матухна бразнула талеркамі і, звяртаючыся да нявесткі, прамовіла: – Бяры ручнік – праціраць будзеш.

      Пасля выпітай чаркі балела галава, злёгку нудзіла, і айцец Антоні, пацёршы скроні, выйшаў на падворак.

      На двары было цёпла і вільготна. Падсветленае згасальным сонцам паветра ружавела, дрыжэла ўваччу, і старая таполя, што стаяла пасярод двара і яшчэ ўчора была панылай і голай, пакрылася зялёным вэлюмам. Айцец Антоні скасіў вочы і да храбусцення ў суставах пацягнуўся.

      – Любата! – вырвалася з грудзіны, і водгуллем вокліча святарскай душы стаўся глухі і няўцямны зык. Гэта выў на царкоўным цвінтары самотны Кузік. Айцец Антоні спахмурнеў, але тут жа страсянуў галавою.

      «Што гэта я… пусціў у душу грахоўную маркоту, калі душа павінна весяліцца», – айцец Антоні падняў угору вочы, перахрысціўся на ружовыя аблокі, і сэрца ягонае крануў лёгкі халадок – ад адчування, што калісьці, у іншым жыцці, ён пабачыць жывога Тузіка, і ягоны ўлюбёнец тыцнецца яму ў далонь халодным носам, а яшчэ падумаў, што