Маргарыта Прохар

Восень у Вільнюсе (зборнік)


Скачать книгу

то зараз мне было ўсё роўна. Яна можа абурацца, вінаваціць мяне, можа смяяцца, пасварыцца са мной – усё роўна яна паранейшаму застанецца ў мяне ўнутры, таму што яна ўжо даўно настолькі ўжылася ў мяне, нібы гэта мая кроў. Можа, нават добра, што яна падышла: я змагу яшчэ імгненне паглядзець на яе рысы.

      – Я ж цябе прасіла… – яна ўздыхнула. – Я ж сказала табе дзякуй за ўвагу і клопат, але я не збіраюся сябе прымушаць: спадзяюся, ты зразумееш.

      Яна незадаволена павярнулася і пайшла да выхаду.

      – Эй! – крыкнуў я наўздагон.

      – Чаго яшчэ?

      – А «бывай». Ты не сказала «бывай»!

      – Дурань… – і яна ляснула дзвярыма.

      Услед за ёй выйшаў і гэты хлопец, корпаючыся ў кішэні сваёй выцвілай курткі. Ён упусціў нейкія паперкі, а з імі – фота, але не заўважыў.

      Яны пайшлі далей па вуліцы – да прыпынку белачырвоных тралейбусаў. Яна ўсміхалася яму. І я зразумеў: яна ўсё яшчэ кахае яго.

      Яго, няшчаснага…

      Што гэта? Комплекс пакут? Адкупленне віны? Нянавісць да спакою і шчасця? Пошукі прыгод? Выпрабаванне лёсу?

      Або проста: заўсёды незразумелае, заўсёды невытлумачальнае, заўсёды няўмольнае, што прыходзіць да ўсіх, як гэтая восень, каханне…

      Але ці было маё каханне да яе такім жа, як яе каханне да яго? І тут я ўразіўся супадзенню.

      Навошта мы жадаем таго, што нам недадзена ніколі?

      НІКОЛІ – гэтае слова можна напісаць вялікімі ці малымі літарамі, усё адно яно будзе самым страшным словам на зямлі. НІКОЛІ…

      Але я ўжо прыехаў у гэтую восень, у гэты горад, у гэтую восень у гэтым горадзе. Прыехаў, і не было маіх сіл з’ехаць адгэтуль. Прыехаў паглядзець на яе. Я цешыўся такой драбніцай, пакуль яна мяне не заўважыла яшчэ раз: відаць, я занадта дрэнны канспіратар.

      – Ізноў?

      – Так.

      – Ізноў у камандзіроўку – праездам і ненадоўга, прыкладна на месяцы два? – спытала яна з іроніяй.

      – Падобна на тое, – я падыграў ёй, толькі вось пры гэтым і ў мяне, і ў яе вочы былі занадта самотныя для жартаў.

      – Ну што ж, працуй…

      Я кіўнуў у адказ, не зводзячы з яе вачэй: яна стаяла так блізка ад мяне, што я адчуваў дзівосны пах яе парфумы, мяккую, з лёгкай пульсуючай венкай, скуру яе тонкай шыі, бачыў яе рукі, што сціскалі мініяцюрную сумку, куртку, накінутую на простую майку, – усё яе стройнае, поўнае жыцця цела; усю яе – такую блізкую і такую недасягальную дзеля мяне…

      Толькі вось сёння яна здавалася зусім невясёлай, нават крыху разгубленай. Мне не хацелася яе пакідаць адну са змрочнымі думкамі.

      – Можна я цябе трохі праводжу? – пасля некаторага маўчання папытаў я.

      – Толькі недалёка.

      – Добра.

      І мы пайшлі па вуліцы, якая выходзіла на праспект.

      – Хачу зайсці ў краму. Проста паглядзець.

      – Ну чаму ж, – запярэчыў я. – Выбяры сабе, што больш спадабаецца.

      – У мяне няма грошай.

      – Я куплю.

      Але яна адмоўна паківала галавой.

      – Не.

      Мы яшчэ трохі моўчкі