выкопваць і, як падлу, кідаць. Тут мы – схізматыкі, але і для расійцаў – схізматыкі, каталікамі папсаваныя. Нас выпраўляць будуць… Так, што кроў пацячэ. А што з тымі, хто прыняў унію, зробяць… Асабліва з простымі мужыкамі, якіх з веры ў веру бізунамі перахрышчваюць…
Былы алхімік задумліва ўзіраўся ў шэрыя нябёсы, нібыта спадзяваўся на старонках аблокаў прачытаць нешта важнае.
– Ведаеш, Вальтэр… ёсць такі французскі філосаф… неяк сказаў, што ён гатовы аддаць жыццё, каб ягоны вораг мог свабодна выказваць сваё меркаванне. Як па-мойму, дык варта памерці не толькі за сваю веру, але і каб не забівалі, не катавалі людзей за тое, што яны гэтую тваю адзіна правільную веру не прымаюць. Я падобнага ўжо столькі нагледзеўся, мой пан… А калі пачынаюць чужацкія войскі рабункі ўчыняць, не разбіраюць, хто ў якую царкву ходзіць. Таму што ў падбіўцы ўсяго – звычайная хцівасць. Жаданне захапіць паболей зямлі.
Пранціш акінуў вокам панылыя восеньскія відарысы. Зямля ў іх, вядома, не такая яркая, як на карцінах італьянцаў… Але ж свая. Са сваймі рыцарамі і чароўнымі дамамі… Дарэчы, наконт дам.
– А пры чым тут Багінскія?
– Увязаўся ты, хлопча, у змову магнацкую супраць Аўгуста Саксонца, – змрочна патлумачыў доктар. – Багінскія мараць пра карону. Падбіваюць змагацца за трон князя Міхала. Лізавета Пятроўна моцна хварэе. І князя Міхала пазнаёмілі з жонкай ейнага спадчынніка Кацярынай, якая з мужам не ладзіць і завяла раман са Станіславам Панятоўскім. Багінскі Панятоўскага не перамог, затое, кажуць, не на жарт закахаўся ў маладую царыцу. Доўга ў Санкт-Пецярбурзе не затрымаўся, паехаў па Еўропе… І давядзецца яму змагацца за карону самому. Але Міхал Багінскі адчувае на сабе ланцуг – прысягу, што даў каралю… І ўвогуле палітычных інтрыг не любіць. Вось і сястру малодшую, відаць, падалей ад палітыкі адаслаў пад прыглядам Ватмана.
– Значыць, Багінскія у змове з Сапегамі? – глыбакадумна заўважыў Пранціш.
– А чаму і не? – Лёднік сарваў з ядлоўцавага куста сіня-чорную ягадзіну, пакруціў у пальцах, нібыта яна была чорнай перлінай. – Змаганне за ўладу, хлопча… Ворагі цішком хаўрусуюцца, сябар са шчырымі слязьмі жалю заганяе сябру нож у спіну… Аляксандр Сапега таксама цяпер страшэнна пакрыўджаны. Ён дамагаецца булавы гетмана польнага літоўскага, кажуць, даў графу Брулю, амарату каралеўскаму, нямерана грошай… Нават жонку сваю падаслаў да ягонага сына, каб яго сваімі вабнотамі адарыла. Ганьбы займеў – але нічога не здабыў. Так што карона для яго – трафей, які за ўсё ўзнагародзіць.
Вырвіч глядзеў на засыпаную ігліцай ды іржавым лісцем зямлю, па якой яшчэ сноўгалі падманутыя восеньскім сонцам мурашкі. А ў гэтых нікчымных казюрак таксама ж ёсць жаўнеры, і мужыкі, і каралева, ёсць і крылатыя асобіны, якім бліжнія хуценька абкусваюць крылы. Няма чаго лётаць, калі трэба ігліцу цягаць, тлю пасвіць ды нападнікаў грызці. Пранцысь на хвілю ўявіў Лёдніка такім вось чорным крылатым мурашом з абкусанымі крыламі, які ледзь варушыцца на сцежцы, бо калі няможна