ягоны доўг – давучыць свайго гаспадара замест езуітаў. Ха! Тыя абламаліся, і сыну полацкага гарбара нічога не свяціла на неўрадлівай ніве Пранцысевай адукаванасці. Затое свойскі лясун за апошні дзень не аднойчы падкідваў падарожнікам пад ногі паваленую елку альбо паліваў нечаканым, як прыступ кашлю ў старэчы, дажджом. Так, на грыбах ды арэхах жыць сумна, маючы ў кішэні залатыя дукаты…
Лёднік дыбаў побач, мармычучы даўжэзныя фразы з “Досведаў” філосафа-французіка Мантэня, да якога Пранцысю не было ніякай справы, як і да дурной скандынаўскай вавёркі Рататоск. Раптам доктар схапіў Вырвіча за плячук і спыніўся. Пранціш прыслухаўся… У іхні бок нехта пёрся, ломячы кустоўе і енчачы. Лёднік адцягнуў Пранцыся пад разлапістую елку, хаця Вырвічу так і рупіла ірвануцца наперад і выпрабаваць шаблю на невядомай небяспецы. Але ўспамін пра адно ўчорашняе даставанне шаблі з похваў быў такі непрыемны, што Вырвіч вырашыў перачакаць, як раіў Лёднік. А той, аднак, дастаў з-за пояса пісталет. Пранціш не стаў агучваць, што Вырвіч-старэйшы, як і многія шанавальнікі сармацкіх звычаяў, лічыў ужыванне пісталетаў адзнакай заняпаду шляхецкага баявога мастацтва, хаця пагаджаўся, што шляхціц павінен умець з пісталету патрапіць вавёрцы ў вока. Урэшце, Лёднік – не шляхціц, а мяшчук, вось няхай і страляе.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.