азірнуўся на свой лёс… І зразумеў, што гэта – Божае пакаранне. Ён даў сабе слова, што больш ніколі не пойдзе супраць Божага промыслу, не стане не толькі займацца алхіміяй, але й нават складаць гараскопы, назаўсёды адрачэцца ад чараўніцтва і гадання.
Пану Агалінскаму гэтыя перамены дужа не спадабаліся. Выходзіла, што не толькі золата, але й прадказанняў паводле зорак ад Бутрыма не дачакацца. Агалінскі пагразіўся, што аддасць упартага зоркаведа служыць на стайню. Але раскаяны алхімік толькі нудзіў пра Божую волю і грэх чарадзейства, чытаў каноны святому Кіпрыяну, які калісьці ўласныя магічныя кнігі спаліў, і ніякія ўгаворы, нават па скабах ды па спіне, на яго не дзейнічалі. А паколькі знаўцам атрутаў разнастайных Лёднік быў выбітным, у здольнасці да сурокаў ды чорных замоваў яго таксама моцна падазравалі, дык Агалінскі пачаў баяцца кусок у горла класці. Тады і дэкляраваў пан на гарачую галаву, што прадасць бескарыснага даўжніка першаму ж мінаку на гэтай дарозе. Вось і атрымалася тое, што атрымалася…
Пранціш хуценька прыкінуў: каб у карчме ягоны слуга пачаў складаць за грошы гараскопы, можна было б някепска зарабіць… Хто ж не хоча зазірнуць у будучыню! Нават Пранцішаў бацька, п’янтос і буяш, на кожнае вялікае свята замаўляў сабе прадказанне ў аптэкара з бліжэйшага мястэчка, які падрабляў зоркаведам. Але ж калі гэты ўпарты Лёднік астралогію адрынуў, можна скарыстаць ягоныя іншыя ўменні…
– Слухай, Бутрым, а ты навукі лекарскай не забыўся?
Алхімік пагардліва хмыкнуў.
– А што, пан расхварэўся?
– Не дачакаешся! А вось у карчме, куды мы прыйдзем, хворыя абавязкова знойдуцца. Грошай і заробім! Толькі вось што… – Пранціш у роздуме ўскалмаціў русявы чуб, які выбіваўся з-пад шапкі, нібыта мала прарабіў тае работы вецер. – Хто ж паверыць, што славуты доктар – слуга шкаляра… Каб да цябе пацыенты пайшлі, трэба важнасці напусціць. Ты, галоўнае, маўчы і рэцэпты паразумней ды падзіўней выпісвай на лаціне. А я сам усё скажу.
Бутрым змрочна акінуў позіркам жвавую постаць свайго гаспадара, зазірнуў у ягоныя блакітныя вочы, гэткія сумленныя, што хацелася адразу абмацаць свае кішэні, і тужліва ўздыхнуў.
– Нешта прадказвае мне, я сто разоў пашкадую, што пан Агалінскі не адправіў мяне служыць на стайню.
Раздзел другі. Як Бутрым Лёднік і Пранціш Вырвіч у карчме балявалі
Калі б Пранціша спыталі, у чым глыбокі філасофскі сэнс існавання прыдарожнай карчмы, шкаляр не задумваючыся б адказаў: у тым жа, у чым сэнс перлінаў, знізаных на нітку. Навошта нітка, калі на ёй не будзе перлінаў?
Гэтая карчма пад гучнай шыльдай “Рым” не была самай шыкоўнай… Тры абадраныя таполі ціснуліся да сценаў, нібыта п’яныя госці. Затое ля самой карчмы стаяла ажно некалькі экіпажаў – ад сціплай таратайкі да дыхтоўнай карэты, хаця і без гербаў. А гэта быў добры знак – будзе з каго браць даніну!
Паветра ў карчомцы можна было рэзаць нажом. Адразу чулася, што любімыя стравы