Аляксей Талстоў

Мінакі


Скачать книгу

ды партфэлямі. Верабей скокаў зь месца на месца, але так анічога і ня мог знайсьці. Зрэшты, халера з ёй, з гэтай птушкай. Часам Васіль сапраўды падвісаў. Паглыбляўся ў тое, што на сьвежую галаву падавалася зусім нязначным. Часам забываў пра ўсе гэтыя каштоўнасьці ды, падавалася, пачынаў верыць у нешта іншае, зусім не характэрнае для чалавека. Натуральна, хлопец перабольшваў. Як жа тут абысьціся без максымалізму, калі гэта такі значны, нават неабходны сродак для самастанаўленьня асобы.

      Ультрарамантыка!

      “Годна ўздымай да неба вышэй

      Сьцяг перамогі над сьветам!”

      Асадка бегала па паперы. Вочы блішчэлі. Уз’юшанасьць ды захапленьне. Але праз два імгненьні – невыразны цень марнасьці, ды зноўку тысячы самаходавых колаў, і яшчэ ўвесь гэты фон: рухавікі, людзі, вецер, птушкі ды лёгенькі халадок за каўнер. Дзеці восені малююць карцінкі ды ствараюць настроі. Мокрыя пасьля дажджу лавы. Калі прыгледзецца, то можна пабачыць, як у кропельках вады адлюстроўваюцца верхнія паверхі будынкаў, дроты, неба, афарбаванае ў колеры лакіраванага дрэва. Калі ўзірацца, то можна пабачыць куды больш, чым аб’ектыўную рэальнасьць, але ўсё ж такі ёсьць нейкая небясьпечнасьць зайсьці настолькі далёка, што ейныя віры зацягнуць з галавою, …а людзі прызначаць пэнсію па інваліднасьці.

      Але… Ізноўку падвіс…

      А тым часам на суседняй лавачцы зьявіліся Бусьлік ды Воўк Вова.

      – Добры вечар, шаноўныя хлопчыкі і дзяўчынкі!

      – Прывітаньне, сябры!

      – Ведаеш, Вова, калі я ўчора віў сабе гняздо на даху галоўнага будынка, то выпадкова пабачыў, як галоўны чалавек, што жыве ў галоўным пакоі…

      – Паслухай, Бусьлік, давай кажы адразу, а то мы з рабятамі ўжо хутка стомімся ад усіх гэтых тваіх бясконцых, мля, адвечных гэтых тваіх прадмоваў, мля… хопіць нам галоўных!

      – Добра, добра, Вовачка не хвалюйся, я больш ня буду, ня буду, ня буду!

      – Ну дык не цягні ж, Бусьлік! Кажы хутчэй, нам насамрэч вельмі цікава!

      – Ну дык вось, кажу. Сядзеў я сабе спакойна ды віў гняздо на даху галоўнага будынка. А гэты галоўны чалавек раптам адчыніў акно і пачаў крычаць што было моцы: “Дайце мне дажджу! Я больш так не магу! Дапамажыце ж мне хто-небудзь! Дайце дажджу!!! Божа! Божа, калі ты мяне чуеш, дай мне дажджу!” – ён уздымаў рукі да неба і плакаў. Я бачыў, як з вачэй яго ліліся аграмадныя сьлёзы, як ён енчыў, бы маленькі хлопчык. “Божа, зьлітуйся нада мною, толькі да цябе ўзношу я свае малітвы! Ніспашлі мне дажджу, і тады я пастаўлю табе помнік на галоўнай плошчы самага галоўнага горада!”

      – Бусьлік, а Бусьлік? А што гэта ты сьвісьціш?! А ты не сьвісьці!

      – А я й не сьвішчу, гэта мы, бусьлікі, так размаўляем.

      – Дакладна не сьвісьціш?

      – Не.

      – Ну добра, тады мы з рабятамі табе паверым і папросім вас працягваць свой даклад.

      – Ну Вовачка, які ж гэта даклад. Гэта толькі казка на ноч. Каб нашыя хлопчыкі і дзяўчынкі добра спалі і не варочаліся ў ложках.