Аляксей Талстоў

Мінакі


Скачать книгу

вось так стаіць, маўчыць ды ўзіраецца сваім пранізьліва пяшчотным позіркам у ягоны твар, быццам бы гэта штосьці зьмяняе. Нібыта яна зрошчвае такім чынам шмацьцё скуры, выцірае крывавыя кроплі. Дзеўчына выдатна адчула, як цёплы красавіцкі вецер згубіў усе свае чароўныя здольнасьці, як ЛІХТАРЫ ізноўку сталі ліхтарамі, як навакол пахаладзела. Састылае паветра. Ноч была ўжо не такой цёплай…

      …а батарэі ў іх яшчэ не ўключылі. Хо хавала ногі пад коўдру ды піла гарбату. Як ні хацела, як ні імкнулася, усё ніяк не магла пасьпець да таго, як тая састыне.

      Ружовыя соплі, размазаныя па непатынкаванай бэтоннай сьцяне.

      Гэта доўжылася толькі адно імгненьне. Імгненьне, расьцягнутае памяцьцю на тысячы гадзінаў. Хо скруцілася на канапе, моцна абняўшы сябе рукамі. Яна ня ведала, чаму галава захоўвае такія ўспаміны. Хутчэй за ўсё гэта адбывалася без уліку ейных жаданьняў. Але кім тады была яна, Хо, у гэтым тулаве, якую ролю адыгравала ў ейным жыцьці гэтая самасьць, ды і што гэта ўвогуле такое? Дзе сканчаецца яе ўлада над сабою ды пачынаецца нешта невядомае, тое, што ад яе ўжо не залежыць? Дзе гэтая мяжа? Часам дзеўчына думала, што гэта мяжа між ёй ды ейным лёсам, але фармулёўка так і ня здолела зачапіць яе настолькі, каб… даводзілася кожнага разу выдумваць яе наноў. Кожную трэцюю сэкунду.

      “Усё ж дзіўная сытуацыя ўвесь гэты сьвет…” – Хо некаторы час трымала ў галаве гэтую фразу, а пасьля адпускала і працягвала назіраць за тым, як клубіцца воблачка пары над кубкам. Ёй не было балюча, можа, хіба толькі няўтульна, неспакойна. За сьценкаю працаваў тэлевізар ды хадзілі людзі.

      – Раскажы мне казку, чароўная фея…

      “…ды злосных сабакаў, што прыйдуць з-за гор”.

      Але неўзабаве пасьміхнулася ды папусьцілася. Падумала, што, можа быць, варта выйсьці на вуліцу.

      Электрычка расказала пасажырам усе свае правілы, хлопнула дзьвярыма ды зваліла прэч, пакінуўшы Васіля на пэроне.

      Усіх іх, лядзь, трэба на пэрон, лядзь, каб сукі ня езьдзілі тут! Ды зубы на гуй свалаце павыносіць!

      Але якая, зрэшты, розьніца. Ды і куды гэта ты, Васілёк, увогуле сабраўся? Ты нам тут яшчэ нічога, па сутнасьці, і не расказаў… Але наўрад ці ён бы сьпяшаўся. Канечне, лепш было б у такой сытуацыі прамаўчаць. А калі па шчырасьці, то і сытуацыя гэтая наперадзе. Усё ў цябе яшчэ наперадзе. І жыцьцё будзе папросту цудоўнае! Канечне. Толькі так, а як можа быць яшчэ? Ды ён анікуды і не зьбіраўся. Так, думаў, можа, выехаць на некалькі гадзінак у лес, у поле, падалей? Пасядзець ды пагнаць дзе ў спакоі. Але, відаць, лёс зусім іншы… Толькі ня трэба тут думаць, што калі не атрымалася, то зараз адразу штосьці здарыцца. Хлопец увогуле вёў не асабліва багатае на здарэньні жыцьцё. Часам ён прыходзіў на вакзал без аніякае мэты. Глядзеў на цягнікі ды піў сваю плястыкавую гарбату. Увесь час сярод людзей. Усе яны такія розныя, але калі паспрабаваць прыгадаць каго – з незнаёмцаў, вядома ж, якіх штодня сустракаеш на вуліцы, на каго выпадкова падае позірк, – то не адразу атрымліваецца ўзнавіць у памяці хаця б некалькі