але ў надзвычай добрым настроі Уладзь Церашонак. Ён весела кіўнуў Бахановічу і адказаў:
– Усё ў парадку. Зміцер просіць цябе на два словы.
Бахановіч пайшоў да тэлефона, але ў хуткім часе вярнуўся назад таксама ў добрым настроі, з унушальным пакункам ў руках. Урачыста і валадарна ён уручыў пакунак Віктару, пры гэтым зазначыўшы:
– Хачу падарыць табе, Віктар, тое-сёе з гор Каўказа: чорнай ікоркі для мазгоў, дагестанскага каньячку, асятрыны, і парадныя неадзяваныя генеральскія штаны з чырвонымі лампасамі. Ты, Віктар, савецкі афіцер! А савецкія афіцеры ніколі не былі клоўнамі!
Нягледзячы на добры падпітак, Віктар Мухабой пачырванеў. Ён сам адчуваў, але яшчэ ясна не разумеў, што казацкая вопратка ў ХХІ стагодзі ў еўрапейскай Беларусі ператварала яго ў клоўна. Зараз шчырыя і ясна прамоўленыя словы Стаха нібы знялі цагліну з ягонага сэрца.
– Сам некалі ў юнацтве трызніў аб спартовай футбольнай форме. Ты, Віктар, яшчэ малады, і мы, дружа, шчасце павінны шукаць на сваёй жыццёвай тэрыторыі.
– Што ты, Стах? Табе самому непатрэбныя гэтыя штаны? – збянтэжана мармытаў Віктар Мухабой і не мог адарваць зачараванага позірку ад пакунка…
– Мне генеральскія штаны па статусу не паложаны, я чалавек цывільны, а ты вайсковы, у цябе маладая і, як я чуў, прыгожая жонка. Увечары апранеш генеральскія майткі, а жанчын, сам ведаеш, штаны з лампасамі вельмі ўзбуджаюць … Дарэчы, я зьбіраюся тутака заняцца сучасным бізнесам і меў спадзяванне на цябе: дысціплінаванага, валявога, крэатыўнага афіцэра. Але «казакі» – гэта, дружа, не наша сыстэма каардынат. Гэта, Віця, чужая імперская варожая для ліцвінаў палітыка! А сапраўдны, сярэдняй рукі бізнэсмэн, «палітыкай» не займаецца…
Стах паспытаў з кубачка гарачай кавы і, узіраючыся ў таварыша юнацтва, каб вызначыць якое ўражанне той атрымлівае ад ягоных слоў, запытаў:
– Тысячу баксаў у месяц «казакі» табе кладуць у кішэню?
– Што ты, што ты, Стах, якую тысячу? Толькі вопратку. Ну і яшчэ тое-сёе, маральная падтрымка, камандыроўкі па расейскіх рэгіёнах…
…Праз поўгадзіны, выпіўшы за сталом добра згатаванай кавы, у добрым настроі, расчулены і ўзрушаны Віктар Мухабой ручкаўся з Стахам і зусім цвяроза дзячыў:
– Таварыш генерал, Стах, я цябе не падвяду! Дзякуй, дружа, ты быццам шоры зняў у мяне з вачэй, – і ён хітаў галавой, нібы той конь на лузе, што адмахваецца ад аваднёў.
– Валя, падвязі, калі ласка, дадому майго сябра Віктара.
– Адзін момант, – рухавы і ветлівы Піткевіч запрасіў госця да бліскучай чорнай іншамаркі. Віктар Мухабой, моцна трымаючы рукамі пакунак з генеральскімі падарункамі, сеў у легкавік. Потым госць узрушаны высунуў галаву з вакна мерсэдэса і шчаслівым цвярозым голасам праспяваў: – Любімый горад может спать спакойна…!
VІІ
У другой палове дня, пад вечар, калі сонца пачало хіліцца на захад, пасля размовы з бацькам і маці, Бахановіч выйшаў з хаты. У горадзе стаяла цішыня, толькі было чутна, як па чыгунцы ад вакзала адыйшоў грузавы цягнік і колы вагонаў