Кастусь Травень

Брыгадны генерал (зборнік)


Скачать книгу

сваю мару. (Божа мой, колькі магчымасцяў прамінае кожны шараговы чалавек!) У той час калі Вялікі Саюз нечакана пачаў бурыцца і савецкае афіцэрства не ведала, што рабіць і куды кінуцца, ён прыехаў з далёкага Улан-Удэ, дзе нёс службу, на вакацыі ў свой старажытны Стары Быхаў над Дняпром. Потым выпадкова паехаў у Менск да сваяка ў госці. Папіўшы з шваграм піўка з сушанай чырвонай рыбай, ён пашвэндаўся па сталіцы і нечакана змікіціў, што жыць у гэтым еўрапейскім культурным месцы з талерантнымі і памяркоўнымі грамадзянамі было б добрым завяршэннем ягонай вайсковай кар’еры. У той час паветра беларускай сталіцы, як і ўсёй постсавецкай прасторы, было прасякнута свабодай. Пасіянарныя тубыльцы, начапіўшы бел-чырвона-белыя значкі, з гонарам спраўджвалі сваё гістарычнае жаданне самавызначацца і ўсюды торкалі сваю тутэйшую мову. Падпалкоўнік Віця Мухабой быў далёкі ад сучаснай палітыкі, выхоўваўся ў савецкім гледзішчы, гэта значыць, падпарадкоўваўся Загаду. «Загад! Выкананне загаду – святая рэч у вайсковай справе!» У вызначальны час, час «разбурэння і ператусоўкі» – які бывае толькі адзін раз у жыцці – усё шматлікае савецкае афіцэрства, не атрымаўшы «Загаду», разгубілася, і кожны самастойна пачаў выплываць у жыцці. Ахова Вялікай дзяржавы такім чынам, без вышэйстаячага «Загаду», на той момант зрабілася немагчымай справай. І вось у гэты лёсавызначальны час Віктар Мухабой зрабіў малюпасенькую памылку, ну проста цьфу, драбяза, цьфу, цьфу… Маленькую, але вызначальную памылку! А як блізка быў да генерала! Ба! Ба! Тады ён рушыў у тутэйшае міністэрства абароны – рашучы, цвярозы крок на той момант – і звярнуўся ў аддзел кадраў – замест таго, каб прамовіць: – «Подполковник Виктор Мухобой. Прибыл в ваше распоряжение, товарищ полковник, с Улан-Удэ. К сожалению, языком не владею, но есть желание служить в Западном военном округе. Прошу прощения, в БВО».

      А потым, канечне, ля-ля-ля, дзе служыў, агульныя знаёмыя, а потым у рэстаранчык, пакуначак чырвонай сухой рыбкі з армянскім каньяком, так сказаць, прэзент ад вайскоўцаў з Далёкага Усходу, «хоць край далёкі, але нашынскі». Трэба сказаць, у той момант БВА пераўвасаблялася ў Міністэрства Абароны і патрэба ў тутэйшым чынавенстве была вялізарная. Некага трэба было тэрмінова рабіць міністрам абароны, і гэта павінен быў быць мясцовы па нараджэнні афіцэр і, у сваю чаргу, па выхаванні адданы Вялікай дзяржаве. Новаму міністру трэба было зрабіць толькі адно: не даць стыхійна раскрасьці ўсю вайсковую маёмасьць. Начальнік вайсковых кадраў Цвёрдалобаў рабіў неверагодныя высілкі, шукаючы гэткую асобу. Нетутэйшыя вайскоўцы ўсе як адзін зрабіліся надзвычай зладзеяватыя, з’язжаючы з сваіх кватэр на месца жыхарства ў Расею, гэтыя афіцэры адбівалі нават кафлю на кухні і, дзе толькі можна, здымалі дзверы і выдзіралі ванны… Дзівакі! Нават сцібрыць нічога не здолелі па-сапраўднаму каштоўнае! Да прыкладу, які—небудзь стратэгічны бамбавік ці найноўшую сыстэму электронай аховы паветранай прасторы…. А тутэйшыя афіцэры здуру ў гэты момант якраз правялі шэсце па праспекце Францішка