Кастусь Травень

Маўчы і будзь хітрым (зборнік)


Скачать книгу

быць шчаслівым, будучы бедным?

      У дзьверы асцярожна пастукалі, яны прачыніліся, у шчыліну прасунуў кудлатую галаву ваенрук Алег Пятровіч. За ім была бачна постаць школьнага заггаса ў чорным новым кажушку і шэрай заячай кучме.

      – Яшчэ раз прывітаньне калегу! Можна да цябе? Што там паказвае мелкаскоп? Ці можна даваць дазвол на карыстаньне свежыной? А мы вось, перад выхадным днём, вырашылі з Савельевічам зайсьці да цябе пагрэцца. Можа, знойдзеш якую памідорыну?

      Біёлаг, што знаходзіўся ў складаным стане пераўтварэньня напоўдзіцячага стану кукалкі ў дарослага вусеня, задумліва зірнуў на сябра.

      – Усё ў парадку, можна смажыць. Заходзь, раскажы, як ты клацаў абцасамі на парадзе.

      Ваенрук Алег тыдзень назад вызначыўся пры раённых спаборніцтвах дружын грамадзянскай абароны. У заключным парадзе ён ішоў па залітай дажджом плошчы райцэнтра з школьнай дружынай, быццам быў гэта ягоны парашутна-дэсантны ўзвод, дзе-небудзь у Кандагары. Ідучы ўперадзе ў вайсковай дэсанцкай форме, ён так лупцаваў абцасамі апускаючы з сілай прамыя, як аглоблі, ногі, што толькі пырскі вады ляцелі ва ўсе бакі. Пасля парада загадчык рана Андрэй Сцяпанавіч Плешавеня моцна паціснуў руку маладому педагогу і лагодна паляпаў па плячы, сказаў уладныя словы падзякі. Ад гэтай падзякі, поціску рукі кіруючай асобы і паляпваньню па плячы, ваенрук набыў незвычайную пыху і ўсе апошнія дні трымаўся пераможна. Хадзіў па школе з важным выглядам, як той бусел на сенажаці, спрабаваў шчыкаць піянерважатую і ўзбуджана пазіраў на дзябёлых вясковых настаўніц.

      Мяняючы накірунак размовы, што магла прывесьці да непаразуменьня і крыўды, заггас Савельевіч прапанаваў маладым мужчынам: – Можа, неяк адзначым заканчэньне працоўнага тыдня? Зараз вазьму на складзе тое-сёе ды і пойдзем да мяне, абмяркуем заўтрашняе паляванне, – дыпламатычна сказаў ён і паставіў на парту прынесеную з сабой тэчку.

      Алег Пятровіч, прамёрзшы каля кацельнай, хацеў сагрэцца і таму прапанаваў: – Покуль да дому, давай па чуць-чуць для сугрэву і разгону крыві, покуль дырэктара няма.

      Прычыніўшы дзьверы на клямку, ён спрытна расстаўляў на стале на разасланую газэту чаркі, бутэльку белай, рэзаў хлеб і сала, чысьціў цыбулю. Стоячы каля стала, мужчыны нетаропка гаманілі паміж сабой, пазіраючы ў вакно, каб убачыць вяртаньне дырэктара, які зьехаў у райцэнтр. Пад вечар у школе засталіся толькі прыбіральшчыцы і качагары ў кацельнай.

      – А вы самі, Вітаўт Янавіч, амаль зусім не п'яце. – Савельевіч дапытліва зірнуў на настаўніка.

      На дзень нараджэньня, на Новы год, на Раданіцу можна ўзяць чарку. Больш няма сэнсу. Гарэлка разбурая розум чалавека. На дне бутэлькі хаваецца нячысцік….

      Вітаўт казаў правільныя словы нетаропка, як бы раздумваў і далучаў прысутных да сваіх роздумаў. Але госьці ў такім важным пытаньні не паддаліся пад ягоныя ўзнёслыя меркаваньні. Біёлаг быў чалавек малазнаёмы, і яны толькі зрабілі выгляд, што слухаюць з павагай ягоныя думкі.

      – Нішчыць