З іншага боку, таксама лічачы гэтыя абшары сваімі, насоўвалася Чырвоная Армія. Яна дзейнічала з апераджэннем, але не ўяўляла магутнай сілы, бо тым часам у Расіі ва ўсю шугала полымя грамадзянскай вайны. Неўзабаве польскія легіёны сутыкнуліся ў баях з Чырвонай Арміяй. Так распачалася польска-савецкая вайна.
Бальшавікі яшчэ Дэкрэтам Савета Народных Камісараў ад 29 жніўня 1918 г. заявілі аб адмове ад пагадненняў былой Расійскай імперыі з Прусіяй і Аўстрыяй аб падзеле Рэчы Паспалітай. Гэтае рашэнне, здавалася, павінна было абнадзеіць польскае кіраўніцтва. Аднак на практыцы ўсё аказалася інакш.
1 студзеня 1919 г. з падачы Крамля была абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, у лютым перафарматаваная ў Літоўска-Беларускую ССР. Мэту яе паяўлення разглядзець даволі проста – заявіць пра няпольскасць спрэчнай беларускай тэрыторыі. З гэтым, аднак, польскі ўрад не палічыўся і распачаў вайну на ўсходзе.
Можна выдзяліць тры фазы актыўных дзеянняў савецка-польскай вайны на тэрыторыі Беларусі:
• 1-я: наступленне палякаў (зіма – лета 1919 г.);
• 2-я: наступленне бальшавікоў (май – ліпень 1920 г.);
• 3-я: наступленне палякаў (другая палова жніўня – кастрычнік 1920 г.).
У выніку першай фазы вайны польскія войскі дайшлі да Бабруйска ўключна, наблізіўшыся да мары федэралістаў – мяжы Рэчы Паспалітай 1772 г. З бальшавікамі польскія палітыкі спадзяваліся знайсці паразуменне, бо «белы» рух прынцыпова не пагаджаўся з прэтэнзіямі Польшчы на тэрыторыю на ўсход ад Буга, г. зн. на беларускія землі. Антанта (з мэтаю дапамогі белагвардзейцам) патрабавала ад Польшчы зменшыць тэрытарыяльныя апетыты і прапанавала правесці мяжу, якая прыкладна адпавядала б этнічнаму польска-беларускаму падзелу і ў агульных рысах стала мяжою паміж Польшчай і Беларуссю пасля Другой сусветнай вайны (г. зв. «лінія Керзана»). Але гэтага патрабавання, як і савецкай прапановы правесці плебісцыт на Беларусі па пытанні дзяржаўнага ўладкавання, палякі не прынялі.
Другая фаза польска-савецкіх баёў на беларускіх землях пачалася з наступлення Чырвонай Арміі на чале з Міхаілам Тухачэўскім у другой палове мая 1920 г. Была выкарыстана перавага пасля перакідвання асноўных польскіх войскаў на Украіну, а савецкіх – з франтоў грамадзянскай вайны. Аднак упэўненае наступленне Чырвонай Арміі ажыццявілася толькі ў ліпені, калі фактычна за месяц яна пераадолела адлегласць ад Бабруйска да Варшавы.
Бальшавіцкае кіраўніцтва аспрэчыла ноту міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Керзана адысці на рэкамендаваную лінію, як і польскую прапанову правесці плебісцыт (ідэя апытання аб самавызначэнні народа ўзнікала ў кожнага з бакоў тады, калі яна была выгаднай для іх). Шэраг перамог у грамадзянскай вайне даваў падставы лічыць магчымым распаўсюджванне сацыялістычнай рэвалюцыі ў краінах Заходняй Еўропы. Польшча, якая ляжала на шляху, бачылася пераможанай. Як дэклараваў у загадзе М. Тухачэўскі:
«на Западе решаются