спроба суверэнітэту: Беларуская Народная Рэспубліка
У свой час шляхам трох падзелаў Рэчы Паспалітай Расійская імперыя атрымала ў свой склад усе этнаграфічныя беларускія землі. Уздым нацыянальнага руху ў Еўропе падчас Першай сусветнай вайны абудзіў многія «падімперскія» народы, даўшы імпульс у кірунку да самавызначэння. Палякі ў сваіх дзеяннях кіраваліся ідэяй Рэчы Паспалітай узору 1772 г. – калі яе суседзі пачалі брутальна ўмешвацца ва ўнутранае жыццё дзяржавы.
Незалежніцкія тэндэнцыі, праяўленыя нацыянальнай беларускай элітай у 1918 г., мелі аніяк не меншыя падставы. Успомнім, што «Дэкларацыя правоў народаў Расіі» (ад 2 лістапада 1917 г. па ст. ст.) гарантавала нацыям права на вольнае самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы. Расійскае ўладарніцтва на беларускіх землях, якія калісьці з’яўляліся ядром Вялікага княства Літоўскага, de іure ліквідоўвалася, а за іх насельніцтвам прызнавалася права на вырашэнне сваёй долі. Дарэчы, яшчэ летам 1916 г. Ленін катэгарычна не згаджаўся з тымі, хто адмаўляў саспеласць украінскага і беларускага нацыянальных рухаў.
Выбар народаў былой Рэчы Паспалітай (палякаў, літоўцаў, украінцаў) быў зроблены на карысць самастойнага шляху дзяржаўнага будаўніцтва, што фактычна не пакідала альтэрнатывы беларусам у выпадку жадання самастойна вызначыць свой лёс. Як трапна выказаўся амерыканскі гісторык Тымаці Снайдэр,«у адным думкі польскіх і літоўскіх нацыяналістаў сыходзіліся: польска-літоўская Рэч Паспалітая памерла, і ўсе спробы ўтварыць шматнацыянальную федэрацыю – марныя».
Пачатак ХХ ст. зусім не прадвяшчаў стварэння беларускай дзяржавы. Адносны спакой, які панаваў у свеце, паралельнічаў балотнаму стану ў сацыяльна-палітычнай сферы на прасторах Беларусі – «Северо-Западного края». Названы «Адраджэннем» уздым беларускага нацыянальнага руху, выяўлены, прыкладам, у стварэнні першай палітычнай партыі (Беларуская рэвалюцыйная партыя, 1903 г.), выхадзе першай газеты («Наша доля», 1906 г.), з’яўленні цэлай групоўкі пісьменнікаў і да т. п, меў характар хутчэй культурна-асветны (значны хіба толькі для саміх беларусаў) і на палітычным полі не пагражаў істотнымі зменамі ў раскладзе сіл і тым больш у структурах улады.
Варушэнне пачалося падчас Першай сусветнай вайны. Ужо на яе другім годзе пачалі «ўсплываць» магчымыя варыянты новых дзяржаўных утварэнняў з беларускімі землямі ў іх складзе. Ужо з 1916 г. выкрышталізавалася перспектыва і суверэннай Беларусі. Але тады ніхто не мог сказаць, наколькі гэта рэальна і як хутка можа быць выканана. Тым не менш якасны скачок адбыўся яшчэ да завяршэння вайны. Адным з галоўных яго чыннікаў з’явіліся наступленні нямецкіх войск: першае – летам 1915 г., у выніку якога была акупавана чвэрць тэрыторыі Беларусі, і другое – у лютым 1918 г., калі пад акупацыю трапляе большая частка Беларусі, за выключэннем Віцебска і Смаленска. Нямецкая акупацыйная ўлада да нацыянальных рухаў адносілася даволі ліберальна. Гэта дало