юнак і падышоў яшчэ бліжэй.
«Калісьці, – пачаў пустэльнік, – я меў дасканалую веду пра Бога. Аднак, неразважлівы, я аддаваў яе іншым і тым самым падзяліў яе. Але нават тая веда, якую я маю цяпер, даражэйшая мне за пурпуру і перлы».
І пачуўшы гэта, малады злодзей адкінуў прэч пурпуру і перлы, што нёс з сабой, і, дастаўшы вострую сталёвую шаблю, сказаў пустэльніку: «Зараз жа аддай мне веду пра Бога, альбо, клянуся, я заб’ю цябе! Бо чаму б не забіць мне таго, чый скарб большы за мой?»
І пустэльнік паціснуў плячыма, і сказаў: «Ці не лепей будзе мне пайсці ў далёкія палацы Бога і славіць Яго, чым жыць у гэтым свеце, не маючы веды пра Яго? Забі мяне, калі хочаш, але не аддам я табе веды пра Бога».
І малады злодзей укленчыў і пачаў маліць яго, аднак пустэльнік не стаў гаварыць з ім пра Бога, і не аддаў яму свайго скарбу, і злодзей падняўся і сказаў яму: «Хай будзе як хочаш. Я ж пайду ў Горад Сямі Грахоў, што за тры дні дарогі адсюль, і за маю пурпуру атрымаю я там асалоду, і за перлы мае куплю спатолю».
І падняў ён пурпуру і перлы, і пайшоў хуткім крокам.
І пустэльнік закрычаў да яго, і пайшоў за ім, і маліў яго. Тры дні ішоў ён за маладым злодзеем і заклікаў вярнуцца і не ўваходзіць у Горад Сямі Грахоў.
І час ад часу малады злодзей паварочваўся да пустэльніка, і клікаў яго, і казаў: «Ці аддасі ты мне веду пра Бога, каштоўнейшую за пурпуру і перлы? Як аддасі – не буду ўваходзіць у горад».
І нязменна пустэльнік адказваў яму: «Усё, што маю, дам табе, сабе пакінуўшы толькі адно, бо не дазволена мне аддаваць гэта».
І на зыходзе трэцяга дня наблізіліся яны да ярка-чырвонае брамы Горада Сямі Грахоў. І смех людскі даносіўся з горада.
І малады злодзей засмяяўся, і скіраваўся да брамы, каб увайсці. І як толькі пагрукаў ён у браму, пустэльнік пабег наперад, і ўхапіўся за прыпол яго адзення, і сказаў: «Выцягні рукі, і абдымі мяне, і прыцісні вуха да маіх вуснаў. Я дам табе тое, што засталося ў мяне ад веды пра Бога».
І малады злодзей спыніўся.
І тады пустэльнік аддаў яму веду пра Бога, і апусціўся на зямлю, і заплакаў, і густая цемрадзь схавала ад яго горад і маладога злодзея так, што болей не было іх бачна.
І лежачы і плачучы, пазнаў ён Таго, Хто стаяў перад ім, і ў Таго, Хто стаяў перад ім, ногі былі з медзі, а валасы былі як мяккі кужаль. І падняў Ён пустэльніка, і сказаў яму: «Раней меў ты дасканалую веду пра Бога. Цяпер будзеш мець дасканалую любоў Бога. Дык навошта ты плачаш?» І пацалаваў яго.
Саламея
П’еса ў адной дзеі
Майму сябру П’еру Луі
Дзейныя асобы:
ІРАД АНТЫПА, тэтрарх* Іўдзеі
ІЯКАНААН, прарок
Малады сірыец, капітан варты
ТЫГЕЛІН, малады рымлянін Кападакіец*
Нубіец* Першы салдат Другі салдат Паж Ірадыяды
Габрэі, назарацяне* і іншыя Раб
Нааман, кат
ІРАДЫЯДА, жонка тэтрарха