прызначылі агульны збор. Але, калі паглядзелі персанальныя дамовы арэнды, высветлілася, што кухняй пры пакоі адпачынку могуць карыстацца толькі тры чалавекі, двое з іх – Тунтэматон і Фартун.
– Цікавыя паводзіны: яны карыстаюцца нашай кухняй, смецяць, не прыбіраюць і хочуць яшчэ нас павыкідаць з яе! Я высветлю, хто смеціць, і выкіну іх адсюль. Такога стаўлення я не пацярплю! – кажа Тунтэматон.
27
Нас зноў падзялілі на малыя групы: па серадах і чацвяргах цягам месяца мы будзем самастойна працаваць над дакладамі. Ніну размеркавалі ў іншую групу. Я ў адной групе з Тунтэматон, мы будзем рыхтаваць прэзентацыю пра мясцовы кінатэатр.
У другой палове дня ў дзверы нашага пакоя пагрукалася дзяўчына.
– Не ведаеш, дзе Мацільда? Мы з ёй мусім разам рыхтаваць заданне.
Чым магла дапамагла, напісала ёй нумар Мацільдзінага тэлефона – даганяй ветра ў полі.
Калі я гатавала сабе вячэру, на кухню зайшоў Каспер, павітаўся са мной па-фінску. Я для падтрымання размовы таксама па-фінску пытаюся:
– Як жыццё?
А ён нечакана для мяне адказвае:
– Нядобра.
– Чаму? – пытаю, але далей маіх ведаў не хапае, каб зразумець, што ён з прыкрасцю адказвае. Для практыкі фінскай момант, здаецца, не прыдатны…
– Што здарылася? – перапытваю па-англійску.
– Я пакідаю школу.
– Ненадоўга? Потым жа вернешся?
– Не, назусім.
– Але з якой прычыны?
– З прыватных прычын. Бывае, што ўсякае здараецца ў жыцці.
Позна ўвечары Мацільда некалькімі рухамі рашуча скідае сваю вопратку з кніжнай шафы на падлогу. Раніцай яна ледзь сама не скінулася з гэтай шафы, калі палезла на яе, каб дастаць рэчы з верхняй паліцы, і шафа пачала марудна падаць разам з Мацільдай.
– Будзеш праць?
– Ага.
– Слухай, ты ведаеш, што Каспер з’язджае?
Мацільда ведае.
– А ведаеш, чаму?
Мацільда ведае чаму. Каспер ужывае наркотыкі. Ён не вельмі пільнаваўся быць незаўважаным, і нехта паведаміў пра яго рэктарцы.
– Ён вучыцца на выхавацеля і збіраецца працаваць з дзецьмі.
– З падлеткамі, – успамінаю я.
– Так не пойдзе, – кажа Мацільда, гледзячы на мяне вельмі сур’ёзна. – Добра, што яго адлічылі. А яшчэ, – дадае яна, – ён сустракаецца з дзяўчынкай пятнаццаці гадоў. Яна дзіця, а ён дарослы. І яны пачалі сустракацца, калі ёй было трынаццаць. Яна была тут на выходных на мінулым тыдні, сама абмовілася пра свой узрост.
– Э-э, думаеш, у іх быў сэкс?
– Сто працэнтаў.
– Хіба гэта не караецца па законе ў Швецыі?
– Караецца. Узрост згоды – пятнаццаць. Але ўлічваючы, што яны сустракаюцца ўжо два гады… Ён не мусіць працаваць з дзецьмі.
28
Верасень залаты, неба блакітнае, паветра крыштальнае, дубовыя галіны над намі ў вышыню імкнуцца. Ад фікі да абеду прасядзелі з Тунтэматон за кавай і размовамі на тэрасе Стурагордэна.