Анка Упала

На заснежаны востраў


Скачать книгу

хоць вучыцца, хоць прысвячаць сябе кар’еры. А Ясмін і Сулаф і ёсць тыя сірыйскія маці, у адной – чацвёра, у другой – трое дзяцей.

      – Што ты мянціш? Ты ж ні халеры не ведаеш, пра тое, як быць маткай у Сірыі!

      Неяк мы мусілі адказваць на пытанні, раздадзеныя выпадковым чынам. Зэйну выпала: “Калі б вы сустрэлі вядомую асобу, хто б гэта быў і што б вы ёй сказалі?” Зэйн адказаў, што гэта быў бы прэзідэнт Сірыі і што ён бы таму сказаў “дзякуй”.

      – За што б ты яму дзякаваў? – спытала нашая куратарка Марта.

      – За ўсё, што ён робіць.

      Марта не стала ўдакладняць.

      Зэйну падабаецца дыктатура. Таксама ён лічыць, што біць дзяцей – правільна, паколькі яго мама лупцавала і гэта навучыла яго выбіраць правільны шлях і быць мужчынам. Зэйну кажуць, што ў Швецыі нельга лупцаваць дзяцей, ён здзіўляецца і не пагаджаецца.

      – Гэта ж мае дзеці, я сам вырашаю, біць іх ці не!

      – Калі ты будзеш біць сваіх дзяцей тут, то сядзеш у турму.

      Ніна даўно кажа, што Зэйн яе бесіць і ёй хочацца прыбіць яго за пустамельства.

      – Сулаф і Ясмін мне дапамогуць! – перакананая яна.

      Мы з Тунтэматон таксама прыйшлі да высновы, што, мусіць, мамінага біцця Зэйну было не дастаткова і нам усім варта пабіць яго разам, каб давесці ягоную сапраўдную мужчынскасць да ідэалу.

      У Тунтэматон Зэйн узяў нумар тэлефона, цікавіўся, чым яна занятая ўвечары, і казаў, што яны могуць што-небудзь спланаваць разам.

      – Не збіраюся я нічога з ім планаваць! – фыркае Тунтэматон.

      Напачатку Зэйн гаварыў з ёй па-шведску, не здагадваючыся, што яе родная мова таксама арабская, як і ягоная. Можна сказаць, Тунтэматон выдала сябе, калі ён паказаў сваю татуху на руцэ, якую набіў сам, і спытаў, ці можа яна прачытаць, што там напісана. Тунтэматон прачытала: “Мая краіна – у маім сэрцы”.

      Тунтэматон кажа, што арабскія літары ў Зэйнавай татусе карава напісаныя. Я сама ў гэтым не разбіраюся. Паколькі арабскіх літар не ведаю, усе мне выглядаюць прыгожымі, гэта як з іерогліфамі.

      Калі Зэйн яшчэ не ведаў пра яе валоданне арабскай, Тунтэматон выпадкова пабачыла ягоную перапіску з мамай у тэлефоне. Ён пісаў: “Ты баялася, што я звяжуся з кепскімі, а цяпер я адзін з іх”.

      Мяне гэта ўстурбавала, і я спытала Тунтэматон, што мы мусім рабіць. Але яна сказала, што для яе гэта гучала не вельмі трывожна, а так, быццам ён пачаў курыць, ці піць, ці ўжываць наркотыкі і бравіруе тым, які ён сапсаваны.

      Зэйн апынуўся ў Швецыі як уцякач і два гады жыў у шведскай сям’і, якую называе “мае шведскія тата і мама”. Ён пазнаёміўся з імі, калі працаваў на цвінтары кімсьці накшталт падсобнага рабочага. Шведская мама – матэматык, а шведскі тата – пастар. Пры гэтым Зэйн заявіў на занятках, што ўсе шведы – расісты, нават ягоныя тата і мама, бо не ўзялі б яго, калі б ён не быў хрысціянінам.

      Зэйн хутка заводзіцца, не ўмее кантраляваць свае эмоцыі, мала ведае і ўпэўнена сцвярджае розную лухту. Тунтэматон заўважыла, што ён не разумее, калі адштурхоўвае людзей сваімі паводзінамі.