Андрэй Федарэнка

Ланцуг (зборнік)


Скачать книгу

па складах прачытаў:

      О-те-кание ко-неч-ности! – і зноў ціха затросся ад смеху.

      Што ты хіхікаеш, як… малады казёл? – груба сказаў Вінярскі.

      Іван Змітравіч ніколькі не пакрыўдзіўся. Ён устаў – быў даволі высокага росту, паварушыў плячыма, размінаючыся, ступіў да Вінярскага і прыабняў яго за плечы.

      – Эх, Жэня… Здаецца, каб было не пяцьдзесят сем гадоў, а трохі больш за дваццаць, як табе, – сапраўды, выбег бы зараз на двор, пад гэты дождж, і скакаў бы, як малады казёл, па мокрай траве…

      Вінярскага проста абдало рэзкім ранішнім мужчынскім пахам з рота; ён бесцырымонна скінуў са сваіх плячэй чужыя рукі, адышоў і сеў за свой стол.

      – Ты мне як сын, – паўтараў Іван Змітравіч, нічога не заўважаючы. – Я паважаю цябе, я ж бачу, што ты ў дзесяць разоў разумнейшы за мяне. Я хачу табе штосьці расказаць…

      У дзверы нясмела пастукалі, і прасунулася нечая галава.

      – Ну, што там? Што? – рэзка крыкнуў Стэльмах. Галава знікла.

      – Ты помніш маю Мілу? – спытаў Іван Змітравіч, зрабіўшыся зноў самім сабою – добрым і мяккім. – Помніш, вясной прыходзіла сюды, у кабінет, я вас знаёміў яшчэ?

      Вінярскі паціснуў плячыма – мала хто сюды прыходзіць і мала з кім яго знаёмяць!

      Слухай, давай на абход збірацца, – сказаў ён, паказваючы, што і на гэты раз не збіраецца выслухоўваць ніякія споведзі.

      Які абход?! Толькі дзевяць гадзін!

      Значыць, у мяне гадзіннік спяшаецца, – спакойна схлусіў Вінярскі.

      Як жа ты не запомніў Мілу? А яшчэ малады хлопец… Такую дзяўчыну не запомніць! – з мяккім дакорам пачаў ушчуваць Стэльмах. Відаць, сёння ён цвёрда вырашыў выгаварыцца. – Красуня, разумніца, у гэтым годзе скончыла школу, з медалём… Гэта я пра старэйшую сваю, Мілу. Нядаўна пад стол бегала, не паспелі аглянуцца – ужо нявеста! I ведаеш, хто жаніх? Ніколі не ўгадаеш!

      Я і гадаць не буду.

      Помніш, у тым годзе ў нас хлопец ляжаў? У чацвёртай палаце? Такі малады, белы, гаварыў па-беларуску? Усе яшчэ здзіўляліся…

      Мала іх у нас ляжала і ляжыць, – сказаў Вінярскі, хоць, сапраўды, нешта смутна прыгадалася.

      Ну-у, Жэня… Хай я, стары, магу забывацца, а ты – светлая галава, залатыя рукі… Дык вось гэты хлопец і ёсць яе жаніх. Вось як жыццё можа закруціць! Не ведаю, чым ён мне спадабаўся, але ён мне – як сын родны (Стэльмах, было падобна, забыўся, што толькі што называў родным сынам Вінярскага). Светлая галава, я табе скажу. Не паверыш, але ён – пісьменнік, піша і друкуецца ў часопісах.

      II

      – Усё было б добра, каб не… Справа ў тым, што ні яе жаніх, ні сама Мілачка нават не здагадваюцца, што ў Мілачкі рэдкая, небяспечная хвароба. (Стэльмах памаўчаў і сказаў па-латыні назву.) Уратаваць яе можа толькі аперацыя. Хваробу вызначылі даўно, калі Мілачцы толькі споўнілася сем гадоў, і трэба было весці яе ў школу. Перад гэтым трэба было прайсці поўны медыцынскі агляд. Вядома, я павёў яе не ў паліклініку, а да самога Барыса Іосіфавіча, у кардыялагічны цэнтр. Страшна ўспомніць, што са мной зрабілася, калі я пачуў… Спачатку мяне ад адчаю