кінулася яму ў галаву. Але разам з тым яго ахапіла цікаўнасць, жаданне паглядзець, што ж будзе далей, – нібы ён атрымаў магчымасць паглядзець у шчылінку ў пакой, дзе паслалі маладым пасля вяселля. Ён спыніўся сярод людзей на прыпынку і пачаў назіраць за машынаю. Мужчыны курылі, пазіралі на другі бок вуліцы. Хутка з пераходу выйшлі дзве тыя самыя чарнявыя і высокія, і адна, падобная на школьніцу, праходзячы каля Вінярскага, сказала рэзка:
– Не магу, я так…
I далей не пачулася, але разанула па вушах і па нервах. Дзяўчаты селі ў «Мазду», якая адразу ж крануўлася і паехала, мужчыны прайшлі трохі ўперад, дзе каля тратуара стаяла яшчэ адна новенькая машына.
А ты не ведаў, што Жана – прастытутка, папытаў у сябе Вінярскі. Не, пакідаць яе тут нельга. Ён адпомсціць ёй. Калі ўсё наладзіцца, ён выпіша яе туды, да сябе, выкарыстае да апошняга, а тады проста выкіне на вуліцу, у яе родную стыхію…
Пад’ехаў тралейбус, Вінярскі механічна зайшоў у яго і неўзабаве ўжо сыходзіў на сваім прыпынку, каля фінскай запраўкі. Дома ён скінуў плашч, але пераапранацца не стаў, не стаў і есці, нават не зайшоў на кухню. Сеў у сваім пакоі ў крэсла і выдаўжыў ногі. Пастукала матка, зайшла.
Будзеш есці на кухні ці прынесці сюды?
Не, прынясі лепш кавы.
Што-небудзь здарылася?
Нічога, толькі галава баліць.
– Можа, не пі кавы? – яна падышла і пагладзіла сына па галаве, патрымала ў руцэ касу. Спытала проста так, ведаючы, што ён усё адно зробіць па-свойму.
…Доўга сядзеў, піў каву і ўсё пра нешта думаў у той вечар Вінярскі.
IV
Назаўтра зноў з самай ночы ўсю раніцу ішоў дождж. Вінярскі, ужо адзін, стаяў каля адчыненай форткі ў кабінеце, курыў, пазіраў на мокрыя клёны, але сёння ў яго вачах ужо не было ўчарашняй нуды. Нешта зусім іншае свяцілася ў іх. Ён раптам заўважыў, што курыць і міжволі кратае пальцамі ніжні шпінгалет на раме, спалохаўся нечага і адышоў ад акна.
Зрэшты, увесь ранак ён потым быў узбуджаны, вясёлы, нават спрабаваў жартаваць з хворымі – аднаму, з нагою ў гіпсе, сказаў: «Добра, што нага, а не шыя», – але ніхто не засмяяўся; а загадчык аддзялення Сцяпанаў чамусьці здзіўлена падняў вочы на маладога доктара. У абед Вінярскі пайшоў у другі корпус, спусціўся ў сталоўку, зазірнуў у маленькія паўпадвальныя вокны. Выйшаў на лесвічны марш і падняўся да апошняга, пятага паверха. Ні са сталовай, ні з паверхаў не было відаць не тое што акна іхняга кабінета, а і сам іхні корпус амаль увесь быў закрыты клёнамі. Ён вярнуўся ў кабінет. Стэльмах так і не прыходзіў. Вінярскі агледзеўся яшчэ раз. Ну, так: іхняе акно можна ўбачыць толькі з вуліцы і ніадкуль з бальнічных карпусоў. Пад акном, паміж сцяною і кусцікамі паўз тратуар— чыстая паласа асфальту з паўметра шырынёю. I гэта варта запомніць… На мокрым асфальце слядоў жа не застаецца…
Вінярскі ўзяўся за аконную ручку, моцна пацягнуў на сябе. Шпінгалеты і ўверсе і ўнізе сядзелі ў сваіх дзірках-гнёздах як улітыя. Але гэта былі ўжо дэталі.
Цяпер