Андрэй Федарэнка

Нічые (зборнік)


Скачать книгу

дадаў.

      – Што за галаўны ўбор? – спытаў Жаўрыд, з цікавасцю ўглядаючыся ў «шлём».

      – А гэта, пан камандзір, будзёнаўкай яны завуць, – патлумачыў ахотлівы на словы перабежчык (так і сказаўшы «яны» – ці даўно сам быў «іхні»?). – Мы пра гэтыя будзёнаўкі жартуем: яны ж, бальшавікі, спяваюць «кіпіт наш разум вазмушчонный», дык гэтая піпка зверху для таго, каб пару выпускаць!

      Зарагаталі ўсе, хто стаяў бліжэй і чуў, пасміхнуліся і Мірановіч з Жаўрыдам.

      Стары салдат, які ведаў пра Васняцова, раптам строга загадаў чырвонаму камандзіру:

      – Ану, павука сарві з будзёнаўкі гэтай сваёй! – і адразу ж сканфузіўся, зразумеў, што маху даў, бо нельга ж у прысутнасці старэйшых па званні гаварыць без дазволу, тым больш загады аддаваць… Гаваркі перабежчык ахнуў, схапіўся за сваю фуражку, з галавы сцягнуў, з мясам выдраў зорачку, расшкамутаўшы ўвесь казырок, кінуў яе пад ногі, утаптаў у гразь, яшчэ і плюнуў. Вакол ізноў засмяяліся, з адабрэннем – гэты перабежчык усім спадабаўся.

      – А, успомніў!

      – Адкуль будзеш? – спытаў Мірановіч.

      – Свой, зпад Капыля! – кіўнуў галавою невядома куды перабежчык.

      – Ну, што, паспытаў бальшавіцкай кашы?

      – Яшчэ й як!.. – перабежчыку прыемная была гэтая ўвага да сябе, ільсціла яму, і ён лавіў момант, каб яшчэ лепшае зрабіць пра сябе ўражанне. – І польскай паспытаў, і белагвардзейскай, і «зялёнай», і чырвонай – усялякай…

      – І якая смачнейшая?

      – Так думаю, пан камандзір, што свая самая смачная, – адказаў хітры перабежчык, выдатна ведаючы, якія словы хочуць ад яго пачуць. – А бальшавіцкая дык самая горшая! Нездарма ж назваліся – бальшавікі… Усе злыя, усе абадраныя, адно лаюцца – такімі мацюкамі, што не запомніш, ды яшчэ спяваюць. У сталоўку ідуць – «красная аармея усех сільней!», рабаваць едуць на вёску – ізноў, «віхры ўраждебныя веюць над намі!», нават нябожчыкаў хаваюць, далібог, з песнямі! Закапаюць – без крыжа, без папа, – шапкі далоў, і давай: «Не плааачце над трупамі нашых байцоў, нясіце іх знам’я ўпярод! – перадражніваючы, праспяваў, каб пасмяшыць слухачоў.

      – Чаму ж ты служыў ім, такім? – сказаў, пасміхаючыся, Мірановіч.

      А во – вінтоўка! Таму і пайшоў, каб толькі вінта атрымаць. А тады, адразу, значыцца, і да вас…

      – Пан паручнік, дазвольце звярнуцца да перабежчыка? – выправіў на гэты раз памылку стары салдат, перапытаўшы Мірановіча.

      – Дазваляю.

      – Бальшавікі што ж ужо, кітайцаў мабілізуюць хіба? – спытаў салдат і пальцам паказаў на вузкавокага скуластага перабежчыка.

      – Сам ты кітаец, – нечакана на чыстай рускай мове, сурова адказаў «кітаец». – Сляпы, альбо што? Я калмык, а ты што – калмыка ад кітайца не адрозніваеш?

      Ізноў смех, а прысаромлены дзядзька толькі апраўдваўся:

      – Разбярэш вас, усе, што тыя картоплі ў мяху…

      – Так, камандзіра – у падвал, – распарадзіўся Мірановіч, – перабежчыкаў накарміць, перапісаць… Канец прадстаўленню, разыходзімся!

      Мірончык стаяў