коратка і ясна – так, як адзін ён умее. Пасля чаго яны ўздыхнуць з палёгкаю, у галовах праясніцца, і ўсе яны разам, адкінуўшы абрыдлыя міжсабойныя звадкі, з новай сілай і імпэтам возьмуцца за справу…
Яшчэ б! Каму, як не яму, трыццацігадоваму Павалу Жаўрыду, было ім верыць? На каго, акрамя яго, спадзявацца?
Гэтыя як дзень белы ведалі, што калі б не ён, «жалезны» Жаўрыд, не сядзелі б яны тут цяпер, і не пісалі б пра іх газеты, і не йшоў бы пра іх розгалас у свеце. Хтохто, а яны не маглі не ведаць і не цаніць ролю яго асобы ва ўсёй гэтай гісторыі (у прамым і пераносным сэнсе), не маглі не адчуваць, што абавязаны яму і фактам самой акцыі і, галоўнае, цяперашняму нечаканаму поспеху яе.
Яшчэ зусім свежая была памяць пра славуты, перш трагічны, а тады трыумфальны для іх з’езд Случчыны, з якога ўсё і пачалося. Калі яны, жменька эсэраўнезалежнікаў і бээнэраўцаў, са скуры вылузваліся, з усіх сіл стараліся надаць хоць які толк гэтаму стыхійнаму, пры такіх варунках ад пачатку асуджанаму на няўдачу «народнаму ўздыму», праўдамі і няпраўдамі, абяцанкамі і ўгаворамі, мальбою і гразьбою (але і гразьбою мяккаю, асцярожнаю, каб не дай Бог не адпужнуць ад сябе яшчэ больш) да хрыпаты даказвалі, што нельга верыць ні палякам, ні чырвоным, што трэба як найхутчэй афіцыйна аформіцца ў вайсковую адзінку незалежнай Беларусі, што хаўрус з Балаховічам, Савінкавым і Алексюком – гэта пагібель, прамая і ўскосная, бо ў гэтых авантурыстаў няма і быць не можа яснай, зразумелай, даступнай кожнаму сярэдняму беларусу ідэі, «а нас можа выратаваць, – даказвалі яны, – толькі высокая агульная мэта. Калі вы таргуецеся на базары, вы ж заўсёды просіце большую цану, каб атрымаць жадаемае, – так і мы давайце… Давайце называць самую высокую цану. У нашым выпадку гэта просты, натуральны, зразумелы і разам з тым святы лозунг – вызваленне ўсёй Беларусі ад любога чужаземнага захопніка і ад сваіх прыблудаў…» Ім не верылі. Іх выступленні засвіствалі, заглушвалі тупатам ног. Дэлегаты, падбухтораныя запісачкамі, якія падкідвалі ім прыхільнікі Балаховіча і палякаў (польскае войска яшчэ не пакінула Слуцк, прадстаўнікі іхніх органаў прысутнічалі на з’ездзе, ход яго цалкам іх задавальняў, што, праўда, не перашкодзіла ім адразу ж, проста тут, у зале, на ўсіхных вачах арыштаваць аднаго з выступоўцаўнезалежнікаў, Марка Асвяцымскага, у нявінным выказванні якога, – «нам, беларусам, усё адно з каго выбіраць: што з чорта, што з д’ябла, што з сатаны!», – палякам чамусьці ўбачылася паралель паміж імі, непераможнымі ў баях і высокароднашляхецкасправядлівымі ў міры жаўнерамі «Жэчы Паспалітае» і бальшавікамі – «гэтым тупым, труслівым, жорсткім быдлам»; пазней, дзякуючы зноўтакі Жаўрыду, беднага Асвяцымскага ледзь удалося ўратаваць ад расстрэлу, і пражыве ён яшчэ аж васемнаццаць гадоў, пакуль не будзе расстраляны ўжо бальшавікамі, і ўжо аніяк не зможа памагчы яму Жаўрыд, бо ў гэты час сам будзе паміраць у адным з паўночных канцлагераў…), – дэлегаты крычалі, самі не разумеючы што: «Якая яшчэ Беларусь?!», «Досыць, наслухаліся!», «Далоў бальшавіцкі