Андрэй Федарэнка

Нічые (зборнік)


Скачать книгу

Пінск… склады Балаховіча!..

      – Слуцк… Слонім… Баранавічы!..

      – Вызна… Морач… Капыль!..

      – Рыга… Крым… Лодзь… Грозаў… Слуцк… Клецк!..

      – Гугугу…

      А тым часам ў памяшканні, у адным з класных пакояў – з абкладзенай кафелем, горача напаленай грубкаю, з ссунутымі ў кут партамі, са школьнай дошкай, на якой крыва вісела чорнабелая, вялікага маштабу карта Беларусі (з недарэчнай друкарскай пазнакаю ў левым ніжнім куточку: «Za pozwoleniem cenzury woennej 27/9 1919 г.»), у сінім дыме плавалі постаці штабных ваенных і «радаўцаў» у цывільным, усяго чалавек пятнаццаць, усе з такімі ж, як і ў тых, на плошчы, бледнымі, нявыспанымі тварамі, з ненармальным бляскам чырвоных ад гэтага дыму і ўзрушэння вачыма, з нервовымі рухамі, хрыпатымі галасамі – нібы карцёжнікі, што правялі цалюткую ноч у хмельным, азартным загуле і цяпер, на світанні, вырашылі урэшце разабрацца, хто каму сколькі вінен; праўда, словы тут гучалі не з карцёжнага, а хутчэй з геаграфічнага лексікону, – тыя самыя і нават з тою ж інтанацыяй, што і на плошчы: «Слуцк… Варшава… Лодзь… Нейтральная зона… Урангель… Вайсковая камісія…».

      Чалавек пяць стаялі каля карты, тыцкаючы алоўкамі ва ўсе яе куткі. Некаторыя схіліліся, сутыкаючыся галовамі і брылямі фуражак, над сталом, заваленым паперамі. На бліжэйшай парце ляжала некалькі нумароў аддрукаванай на таўсценнай жоўтай паперы гродзенскай газеты «Беларускае слова» – кідаўся ў вочы набраны вялікімі літарамі адразу пад загалоўкам, тлуста абведзены чырвоным заклік:

      «Грамадзяне! Нясіце ахвяры рэчамі і грашмі! Складайце ахвяры ў»Гурткі беларускіх кабет «ці ў Беларускі Нацыянальны Камітэт для перасылкі іх беларускаму паўстанцу – жаўнеру на Случчыне! Наша многапакутная МаціБеларусь вымагае гэтага ад вас!»

      І ніжэй, таксама абведзена:

      «З Слуцка даляцела да нас радасная вестка. Слуцкія беларусы пачалі на сваю руку ствараць беларускае войска!..»

      Дзве карасінавыя лямпы, адна на стале, другая на шырокім падваконніку, ледзь трымцелі слабымі агеньчыкамі на абгарэлых кнотах і нічога не асвятлялі, толькі дадавалі яшчэ больш смуроду і копаці, і ніхто не здагадваўся прытушыць іх.

      Як толькі днявальны ўводзіў у памяшканне веставога і той, у першы момант захлынуўшыся цеплынёю, заперхаўшыся дымам, не прывыклымі яшчэ пасля вуліцы вачыма пачынаў адшукваць у гэтай смуроднай смузе старэйшага, галоўнага тут, каму можна перадаць пакет ці зрабіць вуснае данясенне, – так адразу замаўкалі спрэчкі, станавілася ціха і падымаўся, упіраючыся магутнымі кулакамі ў стол, малады, тварам крыху падобны на Лермантава, высокі чалавек, перакрыжаваны партупеямі, з белчырвонабелымі нашыўкамі на пагонах падпаручніка. Сваім славутым «медзяным» голасам ён памагаў веставому – называўся:

      – Камісар Жаўрыд!

      Веставы пачціва заміраў «смірна» (Жаўрыда ведалі ўсе), браў пад казырок, другой рукою выцягваў зза пазухі і падаваў пакет.

      Не адразу, а счакаўшы, пакуль веставы, а за ім і днявальны, асцярожна прычыніўшы дзверы, выйдуць,