балаховец Самусевіч, які, відаць, знарок, дэманстратыўна, падкрэсліваючы вернасць бядовому «Бацьку», ніколі не раставаўся з рознымі савінкаўскаалексюкоўскабалахоўскімі пракламацыямі, усе яго кішэні былі набітыя імі (і дзе ён іх толькі даставаў); вечна пануры, немалады ўжо, падазроны да ўсіх, у тым ліку, здавалася, і да сябе самога старшыня вайсковага суда Біруковіч; начальнік слуцкай міліцыі Мацэля з белым, як маска, доўгім бязвусым тварам – Іван Мацэля, які настойваў, каб яго звалі Янам, а прозвішча падпісваў чамусьці ўвогуле з двума «л», на італьянскі манер – Мацэльлі…
Хоць усе яны ляпіліся да самай грубкі, адтуль Жаўрыду патыхала холадам. Не азіраючыся, ён выдатна ведаў, што на іхніх тварах пад знарочыстай, напускной абыякавасцю – злараднае чаканне, гатоўнасць у любы момант рынуцца ў бойку – не з ворагамі, а з кожным, хто не за іх, а, значыць, і з ім, Жаўрыдам, таксама, што чакаюць яны любой каверзы, любога ягонага промаху, каб адразу ж залямантаваць: «Ну што, дагуляліся ў сваю «незалежнасць»?! А мы папярэджвалі, што толькі маці Польшча і бацька Балаховіч – тыя сілы, на якія ставіць трэба было, каб надаць хоць нейкі сэнс усяму гэтаму!..»
Крыху цяплей, але таксама бы ветрыкам цягнула на яго з левага боку (зноўтакі: «левыя» – злева). Там верхам на ссунутых у беспарадку партах сядзелі, пакурваючы, «радавец» Лістапад – адказны за брыгаднае харчаванне (Юрка Лістапад, якому, дарэчы, у гэтыя першыя дні амаль не было работы, сяляне з ваколіцаў самі, без аніякіх рэквізітных загадаў, падвозілі як харчы, так і фураж літаральна вазамі) і браты Дубіны, Міна і Улас, – маладыя, прыгожыя, здаровыя… І гэтыя дымілі сабе цыгаркамі і рабілі выгляд, што нічога іх не тычыцца, і ў гэтых – Жаўрыд ведаў – абыякавасць была толькі знешняя, напускная, пры любой нагодзе гатовая прарвацца задзірыстым: «Ну што, даваяваліся? А мы казалі, мы ведалі, чым скончыцца, мы папярэджвалі, што не такія саветы страшныя, як іх малююць, што якія б яны ні былі, усё бліжэй нам, чым «пшэкі»! Казалі мы, што сто разоў трэ было падумаць, перш чым пачынаць усё гэта авантуру! Казалі, што не варта было пакідаць Слуцк, а йсці ў падполле, а яшчэ лепш – на службу саветам, і тады ўжо, спадцішка, маючы ўладу, рабіць усё, што спатрэбіцца для святой справы!..»
Нічым – ні цяплом, ні холадам не патыхала, аніякім ветрыкам на цягнула ад акна, каля якога размясціліся, седзячы побач на табурэтах, як бы таксама стварыўшы свой гурток, ваенныя: камандзір брыгады капітан Анцыповіч, камандзір батальёна падпалкоўнік Гаўрыловіч, камандзір кавалерыйскага аддзела паручнік Кернажыцкі, начальнік два дні назад створанай вайсковай брыгаднай школы паручнік Данілюк, афіцэр брыгады паручнік Капец (запомнім яго, ён яшчэ сваё слова скажа)… Гэтыя сядзелі – прамыя спіны, рукі на каленях, асалавелыя твары, сківіцы то ў аднаго, то ў другога перасмыкаюцца пазяханнем – усе падобныя чымсьці на вучняў, якіх ужо выклікаў настаўнік, яны адказалі вызубранае на памяць хатняе заданне і цяпер змушаныя даседжваць да канца нудны, нецікавы ўрок, чакаць, пакуль апытаюць іншых.