лініямі франтоў і ўтварылася тая славутая латачка зямлі, што ўвойдзе ў гісторыю як «нэўтральны пас», «нейтральная зона», «нейтральная паласа», «нейтральная зямля» і нарэшце (самая ўдалая назва) – «нічыйная зямля».
Вестка аб тым, што далей можна не спяшацца, застала случчакоў у мястэчку Семежаве, і гэта быў ім другі падарунак лёсу. Аддаленае вёрстаў за трыццаць на захад ад Слуцка мястэчка апыналася ў самым цэнтры «нічыйнай зямлі», на роўнай адлегласці ад палякаў і саветаў; даволі вялікае, акружанае дзвюма рэчкамі, Мажай і Мораччу, было яно, праўда, не зусім удалае ў стратэгічным плане – з амаль бязлесымі ваколіцамі, затое багатае хлебам, салам, сенам і аўсом, а галоўнае – патрэбнымі людзьмі. Заможным мясцовым сялянам было што абараняць, яны былі зацікаўленыя ў сваёй – беларускай – уладзе і гатовыя былі падтрымліваць случчакоў чым заўгодна (два палкі, Грозаўскі і Семежаўскі, былі сфармаваны за тры дні!).
Словам, брыгада з усімі камунікацыямі размясцілася ў Семежаве, і соннае дасюль мястэчка апошні тыдзень пачало нагадваць прыфрантавы гарнізон. Новыя весткі прыходзілі з кожнай гадзінай і бударажылі, і ўзвінчвалі людзей; шырокая базарная плошча, да якой збягалі і крыжаваліся там усе восем местачковых вуліц, не пуставала ні днём, ні ноччу. І ўсё ж раніцай таго дня, калі чырвонаармейцы вызнянскага атрада харчнарыхтоўкі выправіліся на чарговыя рабункі, ні сном ні духам, вядома, не здагадваючыся, што іх чакае (Чуб з кампаніяй падымалі ўжо чаркі ў Карпы за сталом, на стадоле ляжаў Чубаў абрэз, а ў качэргах стаяла Гнатава вінтоўка), – раннім світанкам у мястэчку ўсчалося ўзрушэнне, дасюль яшчэ небывалае.
Палалі на пляцы вогнішчы, тоўпіліся вакол іх, слухалі, спрачаліся, пераходзілі з аднаго асветленага круга ў другі ўзброеныя людзі і людзі без зброі, але ў вайсковай форме, прытым чырвонаармейскай – перабежчыкі і палонныя, якія за апошнія дні па адным і цэлымі групамі спраўна наваднялі Семежава і з якімі не ведалі, што рабіць, ніхто іх не вартаваў і яны цягаліся, дзе хацелі, і рабілі, што хацелі; уперамешку з вайскоўцамі таўкліся мясцовыя – цікаўныя семежаўскія дзядзькі(такіх было небагата, але былі), стаялі і больш слухалі, чым гаварылі, – панадзявалі старыя латаныяпералатаныя кажухі, горшыя шапкі, кожны абапіраўся на палку і горбіўся больш, чым трэба, – навучаныя горкім вопытам недавяракі, якія гэтай наіўнай сялянскай хітрасцю паказвалі, што вось мы якія – бедныя, старэнькія, убогія, да службы няздатныя, узяць з нас няма чаго, а прыйшлі мы так сабе, паглядзець, што тут робіцца, паслухаць, што людзі кажуць…
Трапяткія агні кастроў выхоплівалі з ранішняга сутоння бледнапунсовыя, ненатуральныя твары, адкідвалі на стаптаны людзьмі і коньмі гразкі снег фантастычныя цені, якія ўвесь час калываліся, рухаліся, то перамешваліся і зліваліся ў адно, ствараючы яшчэ больш вычварныя малюнкі, то зноў разыходзіліся… Хаатычная таўкатня, поўная людзьмі плошча, траскучы ранішні кашаль, бесперапынная рознагалосая гамана, пырханне коней каля канавязі – усё гэта перш давала ўяўленне якогасьці святочнага, кірмашовага дня, – але не відаць было падводаў