сам сабе з гэтай яго стракатасці. Вось ён ужо прышпорвае ў гладкія бокі кабылку і, пазвоньваючы «іканастасам» узнагарод, скача паўз калону ўперад…
І
Худзенькі, з пугаю ў руцэ чырвонаармейчык нацягнуў лейцы і гучна скамандаваў, закапыліўшы губу:
– Тррр!
Запрэжаная параю коней падвода спынілася каля чарговай хаты. Падаў рэдкі, макраваты снег, таму дабро на падводзе было прыкрыта брызентам.
З веснічак раптам выбег на вуліцу і з гарачкі, паслізнуўшыся, ледзь не паляцеў коням пад ногі нейкі хлапчук гадоў дзесяці. Убачыў падводу, чырвонаармейца, застыў, потым шмыгнуў назад у двор, а адтуль праз агароды, прыгінаючыся, даў драла да суседняе хаты…
– Атату! Лаві яго! – закрычаў чырвонаармейчык, лопаючы, бы певень крыламі, рукамі сябе па баках, і засмяяўся. На ім быў старэнькі, яўна чужы шынель даўжынёю да пят, на галаве – паношаная, таксама наўрад ці свая шапка з адкасанымі на вушы бакавінамі. За спінаю целяпалася вінтоўка на доўгім рамяні.
Чырвонаармейчык па-бабску задраў крысо шыняля, патупаў у снег новымі ўцяплёнымі чаравікамі, у каторы раз палюбаваўся рыфленымі тоўстымі падэшвамі. Пазяхнуў, машынальна перахрысціўшы рот, і проста тут, на вуліцы, пачаў мачыцца на задняе кола падводы, стараючыся збіваць струменем наліплы на вобадзе снег. Затым прывёў сябе ў парадак, азірнуўся перш у той канец вуліцы, адкуль павінны падысці таварышы, потым – у другі, дзе вуліца канчалася. Была яна досыць шырокая, як і большасць тутэйшых вуліц, роўная, з белымі ад снегу дахамі хат і пабудоў. У канцы віднеўся лес, таксама заснежаны.
Чырвонаармейчык прыкінуў – засталося ўсяго двароў мо з чатыры, ну, пяць… Зараз падыдзе Мішка з байцамі, хутчэй за ўсё спехам правядуць астаткавую рэквізіцыю (і без таго падвода поўная, а дарога гразкая, коням будзе цяжка) – і ўсё. Ваша заданне споўнена, таварыш камандзір! Можна вяртацца ў Вызну – балазе, не далёка, ды і не позна яшчэ, гэта проста ад пахмурнага неба здаецца, што сцямнее хутка. А там здаць на рукі прадукты, адвесці коні на канюшню… Потым, не спяшаючыся, за асобным сталом пры кухні натаптацца добра кашы з салам, атрымаць удвойную порцыю махоркі, тады, у казарме, папрасіць – за долю той жа махоркі, вядома, – свайго земляка і друга, таварыша Чувалава напісаць пісьмо ў роднае іхняе сяло Мікіціна – Калужскай губерні Казельскага павета СпасДземенскай воласці, навучыць, хай напіша, што ён, чырвоны баец шаснаццатай арміі дваццаць другога палка дзевятнаццатага асобага ўзвода Андрэй Мікіцін жывы і здаровы, адзяваюць іх тут добра, кормяць так сабе, а ў цэлым ваюецца тут пакуль што дзякаваць Богу – забітых няма, параненых няма; людзі ў гэтых краях заможныя, але не такія зусім, як у нас…
– Эў, баец! – вывеў яго з задумы Мішка, хуткім крокам падыходзячы да падводы. У руцэ ён трымаў за гіч невялікую ношку. – Заснуў? На вайне не спі – дома на бабе паспіш!..
– Так точна, таварыш нам… пам… – Мікіцін збіўся і пачырванеў, бо за тры месяцы службы