Андрэй Федарэнка

Нічые (зборнік)


Скачать книгу

атрымалася як у падпітага дзядзькі на вяселлі, што стаміўся гуляць і вось, выйшаўшы ў круг да танцораў, дае музыкам каманду: «стой!»

      – А то страляць буду! – прыгразіў, хоць чырвонаармейцы і так стаялі ні жывыя ні мёртвыя, і не збіраліся нікуды ўцякаць.

      – Мікола – таго, каля падводы! – паказаў ён руляю абрэза, і адзін з дзецюкоў адразу ж кінуўся на вуліцу. – Гнат – з гэтымі разбярыся! Дзяніс, – да маладога, – вяроўку!..

      Дзяніс бы толькі гэтага і чакаў – з паспешлівай ахвотнасцю, стараючыся нават выпадкова неяк не глянуць на забітага, знік у сенцах.

      – Ану, к сцяне!.. Ды варушыся!..

      Гнат, падпіхваючы палонных прыкладам у спіны і падцягваючы за каўнеры шынялёў, пастроіў усіх у рад, тварамі да сцяны.

      – Ногі шырэй, рукі вышэй!..

      Кецка, які стаяў збоку таксама з паднятымі рукамі, памкнуўся быў сам да чырвонаармейцаў, каб стаць побач, але веліканаў вокрык спыніў яго:

      – А ты куды прэшся?! Стаяць, рук не апускаць!..

      Велікан няспешна сабраў вінтоўкі, склаў каля ганка, нагнуўся над забітым, перавярнуў яго наўзнач, адшморгнуў партупею з кабурою маўзера, пачаў шнырыць у кішэнях…

      З трафейнай вінтоўкаю на плячы, Мікола тым часам увагнаў перад сабою ў двор маленькага Мікіціна, які ад страху спатыкаўся і ледзь перастаўляў ногі. Падштурхнуў яго да сцяны, да ўсіх:

      – Ыч, шчанюкі, – прагудзеў здзіўлена. На яго шырокім, сялянскім, пабітым у чорныя кропкі вугроў твары, яшчэ чырвоным ад хатняга цяпла і выпіўкі, быў тупы выраз нейкага як бы расчаравання, што ўсё скончылася так хутка і таму нецікава… Ён цыркнуў пад ногі жоўтай слінаю курца, расцёр плявок ботам: – Ваякі – голыя сракі!

      У бліжнім да сянец акне раптам узнік прыліплы да шыбіны спалоханы мужчынскі твар. Мікола засмяяўся і паказаў на акно велікану з Гнатам; крыкнуў:

      – Вылазь на двор, дзядзька Карпа! Усё ужо, вылазь!..

      З сянец выбег Дзяніс са скручанай вяроўкаю ў руках:

      – Каму, Чуб? – задыхана, бы невядома адкуль прыбег, спытаў у велікана.

      – Дай сюды… – Чуб перавесіў вяроўку на плячо. – А ты збегай яшчэ, Дзяніска, прынясі заступ, ды венік… і бацьку пакліч, скажы, хай не баіцца… Скажы, усё тут скончана.

      – Не ўсё яшчэ, – сказаў Гнат, падыходзячы да Кецкі.

      Ён запанібрата паляпаў па плячы збялелага, без крывіначкі ў худым, няголеным твары рэўкамаўца, падштурхнуў бліжэй да ганка. Пасміхнуўся з’едліва: – Ну што, Косцік? І ўеўся ж ты тут у пячонкі ўсім… Маліся цяпер свайму карлумарлу барадатаму, у Бога ж не верыш, прадаў Бога! – відаць, яны з Кецкам даўнія былі знаёмыя, добра ведалі адзін аднаго.

      Кецка зглынуў камяк у горле, хрыпата выціснуў:

      – Бога я не прадаваў… і людзям не ўядаўся…

      – Яшчэ і не баіцца! Пагавары мне тут!

      – Зброя ёсць? – лагодна спытаў Чуб, падступаючыся. Як і ва ўсіх мажных, высокіх, з моцным фізічным здароўем людзей яго рухі, ды і словы здаваліся нейкімі як бы расцягнутымі, задужа марудлівымі.

      – Ёсць…

      – Дык