тутай естэм, – вырваліся ў Стаха польскія словы.
Клас выбухнуў бурным смехам разам з настаўнікам.
– Я тутай, пане, естэм, – перадражніў апошні. – Ты што, не чуў, як іншыя адказваюць?
Стах адчуў такі балючы і раптоўны сорам, нібыта яго кіпнем аблілі. Ён праваліўся б пад зямлю, толькі б не чуць гэтага смеху, назаўсёды адмовіўся б ад усіх на свеце ўцех, калі б мог забраць назад словы, праз якія з яго рагаталі, і зняць з сябе страшную ганьбу.
– Ну ідзі сюды, чуеш мяне? – крыкнуў настаўнік.
Стах падышоў да стала пад з’едлівымі позіркамі сотні вачэй, праз несціханы рогат і насмешкі ў свой адрас. Атрымаў ад настаўніка кнігі, заняў вызначанае яму месца на другой лаўцы трэцяга шэрагу і ўперыўся ў падлогу.
Кпіны ўсё сыпаліся і сыпаліся, пакуль настаўнік не заклікаў да парадку, пачынаючы ўрок.
– Ну, досыць ужо. Ціха! Увага.
Ён раздаў двум старэйшым аддзелам сшыткі і пачаў зачытваць з лістка:
– Мікалай Баран, адна лінейка, да дошкі. Давід Драка, дзве лінейкі, да дошкі. Міхаіл Дыра, лінейка, да дошкі. Браніслаў Нядзведскі, дзве лінейкі, да дошкі. Ілёша Салавейчык, дзве лінейкі, да дошкі. Сідар Біклага, тры лінейкі, да дошкі.
Усіх выкліканых ён паставіў у рад, зняў са сцяны тоўстую дубовую лінейку – спецыяльна для пакаранняў – і кожнага біў па пальцах, падымаў руку і джгаў з размаху. Пяці вучням раздаў належнае, а Біклагу, найстарэйшага па гадах, а значыць, найвялікшага злачынцу, пакінуў на дадатковае пакаранне.
– Па месцах, аслы, – прыкрыкнуў ён на пакараных і павярнуўся да Біклагі. – Скажы мне, Сідар, як пішацца «белка»?
– Цераз «яць», гаспадзін учыцель, – прамямліў напалоханы хлопец.
– Здагадаўся? Што ж ты напісаў цераз «е»? Добра, а як пішацца «елка»?
– Цераз «яць», гаспадзін учыцель.
– Цераз «яць»?! То бок ты, тваю маць, чацвёрты год у школу ходзіш, а элементарных словаў не знаеш?! Вот табе! – і адвесіў хлопцу поўху. Потым дадаў па левай шчацэ і яшчэ раз па правай. Лаянка і абразы як з меху сыпаліся, і ён біў Сідара па твары, пакуль у таго юшка носам не пацякла.
VI. Сутычка з папом
Вярнуўшыся апоўдні на кватэру, Стах кінуўся апекуну ў ногі з роспачным крыкам:
– Дзядзечка дарагі, залаты, родны, адвязі мяне дадому! Не пайду я болей у школу. Не змагу. Заб’юць мяне там!
Садоўскі такім скаргам зусім не здзівіўся і не спытаў, што ж там у школе здарылася. Раззлаваўся, схапіў Стаха за вуха, падвёў да скуранога бізуна, які вісеў на сцяне, і спытаў:
– Што гэта?
Стах маўчаў.
– Я пытаюся, што гэта! – паўтарыў апякун, круцячы Стаху вуха.
– Плетня, – адказаў той.
– Запомні: калі ты мне яшчэ толькі пікнеш пра дом, я табе гэтай плетняй усю шкуру перапляту і завяду да настаўніка, каб паправіў. Што хочаш у мяне прасі, усё гавары, але пра дом – ні гуку.
– Дзядзечка, родненькі, мяне ў школе заб’юць.
– Як заб’юць, то пахаваем, не бойся.
Выйсця не было. Ён застаўся і з таго дня ані скардзіўся апекуну,