Кузьма Чорны

Млечны Шлях


Скачать книгу

маладога чзлавека быў як вытачаны, лоб высокі і вочы ціхія. Праўда, вочы маглі быць такія не толькі ад прыроды натуры, але і ад нейкага ўражання, успрынятага чалавекам.

      Другі, што з'явіўся тут разам з ім, быў немалады. Гэты нават быў не так сярэдніх, як пад старасць блізкіх год. Выглядам сваім ён быў такі ж як і ўсе тыя, што былі тут. І гэты быў нечым уражаны і кінуты ў нязвыклы стан. Але калі ўсе тыя мелі на сабе, у каго слабей, а ў каго мацней, пячаць імкнення і прагі, то ў гэтага толькі адна рыса панавала над усім. Гэта – абыякавасць. Холадам павявала ад яго вачэй і нерухомых губ і сабранага ў нерухомыя маршчыны лба. Але холад не пераходзіў у абсалютны спакой і нават не межаваўся з ім. Абыякавасць, нерухомасць, зморанасць, расчараванне. Аднак жа і ў яго тлела нейкае адчуванне, нейкая пакута. Можа гэта голад, можа холад, можа боль які ці прыдушаны смутак. І паняверка. Без усялякай веры быў чалавек. І гэтае бязвер'е і было яго тым жарам, што дзесьці яшчэ тлеў у яго душы. Пакута ад таго, што няма веры. Можа яму яшчэ і суджана было стаць на шлях да пошукаў веры. Калі так, то холад яго твару мог быць толькі з'явай гэтай гадзіны ці гэтых дзён і ніяк не вызначаў яго натуры. Ён раптам глянуў на таго таўсматага і невысокага ростам, што быў у кажуху да кален, і момантны бляск, не тое што радасці, а як бы ажыўлення, перасмыкнуў яго твар. Але толькі на момант. Так ужо ўкаранілася ў ім безнадзейнасць, што адразу зноў абыякавая ўнуранасць заўладала ім. А хто ведае, ці не быў гэты ў кажуху які-небудзь яго блізкі друг, калі іскра ўзбуджанасці на момант прабіла холад яго твару, як толькі ён яго ўбачыў.

      Панавала цішыня і напружанасць. Усе чакалі. Той малады ў лёгкім пінжаку тросся з холаду, сціскаючы ў кулаку тронак вялікага фінскага нажа. Тоўсты ў кажуху да кален кідаў вачыма па ўсіх, як бы стараючыся дасачыць, хто першы памкнецца зрабіць яму зло. Самы маладзейшы, зусім малады хлопец у сатлелым чырвонаармейскім адзенні таксама абводзіў вачыма ўсіх, як бы шукаючы таго, каму ён мог бы паверыць. Што ж да самага старэйшага, з холадам на твары, то гэты, здавалася, яшчэ больш апанаваўся пакорай да нейкага свайго лёсу. Стаяў сабе і трымаў позірк на абкарэлым крывёй бычыным хвасце, скручаным у абаранак вакол шыпшынавай папруціны і безнадзейна ўблытаным разбэрсаным пукам валос у гушчырню калючых зараснікаў.

      – Дык што ж, – сказаў раптам шпаркім тэмпам таўсматы, і вочы яго як бы міргнулі, – нашто так доўга стаяць, трэба рэзаць быка.

      Хто яго ведае, чаго больш было ў тоне яго слоў – гаспадарлівай практычнасці ці нейкай затоенай за гэтымі словамі думкі.

      Ацвярдзелым позіркам ён шпарка кінуў на ўсе бакі. Усе маўчалі і чакалі. Трэба думаць, што ён рабіў на ўсіх нейкае адно ўражанне, і ён сам мусіць разумеў гэта. Гаварыў ён па-расейску. Спрактыкаванае вуха магло б злавіць у яго ледзь заўважны нямецкі акцэнт. Такі слабы, што яго можна было і на ўвагу не браць. І мова яго пайшла б за чыстую расейскую, не жывую, а літаратурную. Бадай што адразу за першай фразай ён кінуў і другую:

      – Мяса будзем пячы на агні…