Кузьма Чорны

Млечны Шлях


Скачать книгу

Бык стаяў з паднятай угару мысай, падвернутай набок і нацягненай шыяй. Тоўсты ўзяў з рук маладога ў пінжаку фінскі нож і шпарка ўмеркаваў нож у тое месца на бычынай шыі, па якім трэба было даць. Самы старэйшы і самы маладзейшы апынуліся тут жа.

      – Трымайце быка за пярэднія ногі! Звяжыце іх цесна! – гукнуў тоўсты. – Хутчэй!

      Здавалася, што самы старэйшы ў момант скінуў з сябе холад абыякавасці. Дзіўна было бачыць, як ён раптам устрапянуўся і сарваў з сябе вяроўку, якой былі падвязаны яго штаны. Шпарка працягнуў ён вяроўку маладому ў чырвонаармейскім адзенні. Той хапіў вяроўку і кінуўся з ею да бычыных ног. На паўсекунды раней, чым ён гэта зрабіў, бык раптам ірвануўся з усіх сваіх сіл, на ўсе жылы скочыў угару, чмыхнуў і збіў з ног усіх, хто толькі быў перад ім. Толькі куст шыпшыны хістануўся ў самую зямлю. Бык адарваўся ад яго і рынуўся ў бягу. На шыпшынніку астаўся ўвесь як ёсць пук валасоў з яго хваста. Адразу ж усе ўчатырох апамятаваліся, ці можа, праўдзівей сказаць, дарэшты страцілі развагу. Разам усе кінуліся наўздагон за быком, які ўжо чмыхаў і тросся за кустамі ў полі. Грудаватая мерзлата стрымлівала яго бягу. Ён стаў і зарыкаў, і ўсе паддалі ходу. Ён пабег, аслабелы і спуджаны. Бяга яго была роўная, ён бег куды беглася. Чуючы, што за ім гоняцца, ён паддаваў ходу. Але не толькі ён, а і яны таміліся, і іх агульны рух павальнеў, але не спыняўся.

      – Ахапіць яго з флангаў! – закрычаў тоўсты.

      Бяга ішла доўга. Пакуль беглі, дзень яшчэ паяснеў і схіліўся блізка да заходу сонца. Беглі роўна, усё ў адзін кірунак. Мерзлае поле не мела на сабе ніякіх сцежак ні дарог. Яны прабеглі некалькі разоў паўз дробныя ляскі, міналі лагчыны і ўзгоркі. Нарэшце ўсе ўзрадаваліся: бык пайшоў ціха. І ўсе пайшлі так, дыхнуўшы на поўныя грудзі. Якое ім было шчасце не бегчы больш! Ногі ў іх чапляліся адна за адну. Яны хісталіся ў бакі.

      Той, што ў лёгкім пінжаку, раптам падняў у сябе з-пад ног нейкі высахлы корань і стаў жаваць яго. Самы старэйшы рвануў з прымерзлай зямлі кусцік счарнелай травы і сціснуў яе зубамі.

      – Кончуся зараз, – сказаў тоўсты.

      – Што вы жуеце? – прахапіўся нейк раптам самы маладзейшы, дапытліва сочачы за тымі двума. Ён не бачыў, як адзін ірваў траву, а другі паднімаў з-пад ног корань.

      Бык стаў. Сталі і яны. Бык спусціў мысу ў зямлю, як бы нюхаючы ў сябе каля капытоў. Усе ўчатырох селі на зямлю.

      – Цяпер мы яго дагналі б, – сказаў маладзейшы. – Ой, як холадна. У мяне шыя спацела… Памру з голаду.

      – Я ледзьве жыву, – абазваўся той, што ў летнім пінжаку.

      – Бык лёг! – жвава сказаў самы старэйшы.

      Дзіўна было: як адразу апанавала яго такое ўзбуджанне.

      Бык сапраўды ляжаў.

      – На быка! – гукнуў адразу тоўсты ў кажуху. Усе ўчатырох усхапіліся і пабеглі. Бык устаў і пабег. Учатырох зноў гналіся за ім, выбіваючыся з сіл. Скрозь мерзлае поле, і паабапал зноў дробныя ляскі. Перад імі зачарнелася пажарышча. Абкуродымленыя печышчы тырчэлі з халодных асмалкаў. Больш як на кіламетр цягнуўся гэты малюнак. Далей бык абмінуў пагнутую і збітую з