Чорнага мора. Яны сагравалі цяплом успамінаў. Надзін пакой быў для яе рэпетыцыйным класам, рабочым кабінетам, бібліятэкай, месцам адпачынку – усім адначасова.
Другі пакой належаў Алесіку і Надзінай маці, Вользе Аляксандраўне, яшчэ маладжавай, рухавай жанчыне. Яна заўсёды крыху недалюблівала зяця. Калі Надзя канчаткова разышлася з мужам, а бацька яе памёр, Вольга Аляксандраўна, як толькі сышоў зяць, перабралася да дачкі, пакінуўшы сваю кватэру меншаму, ужо жанатаму сыну.
Вольга Аляксандраўна вяла гаспадарку: хадзіла ў магазін, гатавала сняданкі, абеды і вячэры, у вольную хвіліну шыла і вязала – сваякам у падарунак, суседзям – за грошы, каб дадаць нешта, апрача пенсіі, у сямейны бюджэт. Забірала любімага ўнука Алесіка спачатку з дзіцячага садка, а потым са школы, рабіла з ім урокі, вадзіла ў бліжэйшую музычную школу, дзе ўнук вучыўся іграць на скрыпцы. I ведала ўсе ягоныя тайны. Надзя ў рэшце рэшт змірылася з тым, што бабуля бліжэй да ўнука, чым яна, родная маці.
Надзя была здабытчыцай, яна мусіла круціцца на трох работах – на адной стаўка, на іншых – па палове стаўкі, каб яе сямейнікам хапала на самае неабходнае. Асноўнае месца працы – філармонія, два разы на тыдзень – музычнае вучылішча, яшчэ палова стаўкі на радыё. Калі ў вучэльні пачыналіся канікулы, Надзя магла больш займацца чарговай канцэртнай праграмай. Выкладаць яна была вымушана, а вось падрыхтоўка канцэртаў – гэта для душы. Канцэртамі вялікія грошы не заробіш, дый перагружаць голас Надзя пабойвалася, але калі б Алег часцей успамінаў пра яе і Алесіка, дык і не трэба было б увесь час душыцца і шукаць дадатковы заробак.
Тэлефанаваць Алегу і прасіць аб дапамозе ці нават патрабаваць Надзя не магла. Было ў такіх просьбах штосьці зневажальнае. Калі прызнаць, што Надзіна прафесія не дае ёй магчымасці пражыць самой і забяспечыць неабходным сына, значыць, згадзіцца, што ў іхняй даўняй спрэчцы праўда на ягоным баку. Надзя нічога не патрабавала, не назаляла званкамі і, мяркуючы па ўсім, Алега такая сітуацыя цалкам задавальняла.
Грошай не хапала заўсёды. І таму гастрольныя вандроўкі за мяжу, якія ладзіліся час ад часу, успрымаліся як ратаванне. Вядома, трэба цягнуць з сабой велізарную сумку з прадуктамі. А ў ёй кансервы, пакеты з супамі і кашамі, крупы, кіпяцільнік, – каб сэканоміць на ежы і не растранжырыць, а прывезці дадому сутачныя і ганарар. Спачатку Надзі было сорамна за гэтыя тушонкі і вермішэлі: «Артыстка называецца!», але, убачыўшы, што гэтаксама робяць, выпраўляючыся за мяжу, піяністы, скрыпачы і артысты ансамбляў танца, Надзя супакоілася і ўспрымала сітуацыю з гумарам.
Амаль з кожнай вандроўкі яна прывозіла большы ці меншы стосік «зялёных». Праўда, разляталіся яны хутка. То аказвалася, што ў кватэры ўжо шмат гадоў не рабіўся рамонт, то дзіцяці патрэбен новы ровар, то трэба выкласці астранамічную суму, каб адправіць Алесіка ў загарадны летнік – бясплатныя пуцёўкі адышлі ў нябыт. Стосік «зялёных» раставаў, і Надзя была вымушана згаджацца на новую вандроўку. Нават калі