Таццяна Мушынская

Джульета і экстрасэнс (зборнік)


Скачать книгу

сама Надзя. Але час загаіў раны, усё адышло, страціла вастрыню і зрабілася ўспамінам, да якога яна імкнулася не вяртацца.

      Час ад часу Алег нагадваў пра сябе, але часцей праз тэлевізар. На яго Надзя глядзела спакойна, нібыта ніколі ён і не жыў разам з ёй у адной кватэры, нібыта яны не снедалі на адной кухні і не мелі агульнага сына. Тое, што Алег рабіў на сцэне – якія песні выбіраў, як рухаўся, якога колеру пінжакі насіў,– усё гэта выклікала ў яе ўнутраную нязгоду, пярэчанне і штосьці падобнае на раздражненне. Патрываўшы хвіліну-другую, Надзя звычайна выключала тэлевізар і сядала за фартэпіяна развучваць чарговую праграму. Алег даўно зрабіўся прачытанай кнігай, вяртацца да якой ёй зусім не хацелася.

      Частка трэцяя

      Голас

      Свет і людзі заўсёды падзяляліся для Надзі на дзве вялікія часткі. У адной з іх жыла музыка, у другой яе ніколі не было.

      Патлумачыць той падзел словамі амаль немагчыма. Можа, варта назваць іначай – душэўнай грацыяй ці высакароднасцю? Унутраная музыка выяўлялася па-рознаму: у абліччы, твары, голасе і яго тэмбры. Часам мілавідная бухгалтарка з раённага ці абласнога ўпраўлення культуры, прывабны твар касіркі ў хлебнай краме, аблічча выхавацелькі ў дзіцячым садку, куды хадзіў малы Алесік, звярталі яе ўвагу гармоніяй і высакароднасцю. I абавязкова голасам.

      Чым далей ішоў час, тым больш прафесія рабіла Надзю ўспрымальнай да гукаў прыроды і чалавечых галасоў. Нават не спеўных, а звычайных, жыццёвых. Як вакалістка, яна была пераканана, што голас можа расказаць пра чалавека ўсё. Нібы камп’ютар, ён захоўвае ў памяці гісторыю жыцця, ён – маленькая мадэль, адлюстраванне ўнутранай канструкцыі асобы. Інтанацыя, быццам чулы сейсмограф, фіксуе шчырасць ці фальш душэўных памкненняў.

      У творчасці вастрыня ўспрымання гукаў дапамагала, у паўсядзённым жыцці стварала турботы. Мажная, крыклівая цётка, якая доўга і на ўвесь тралейбус дапытвалася, чаму вадзіцель не аб’явіў патрэбны прыпынак; сусед-алкаголік, які жыў на адной з Надзяй лесвічнай пляцоўцы і, перабраўшы меру, ганяў па кватэры жонку і дачку, адтуль чуліся яго хрыплы, прастуджаны голас, жаночы віск, енк, грымелі перакуленыя крэслы, дзынькаў разбіты посуд, – такія ўражанні прыводзілі Надзю ў адчай. Хацелася заткнуць вушы і нічога не чуць.

      Самае крыўднае заключалася ў тым, што былы Надзін муж з катэгорыі людзей, у душы якіх жыла музыка, спакваля, але няўхільна перайшоў да тых, дзе музыкі не было. Таму на яго не варта спадзявацца.

      Думкі вярнуліся да маючага быць канцэрта. Гэта прэм’ера. Звычайна Надзя складала праграмы ўласных канцэртаў так, каб у першым аддзяленні гучалі творы сучасных кампазітараў, цяперашніх і жывых, а ў другім – класіка. Новае і вечнае, незнаёмае і любімае. Калі ўлічваць псіхалогію ўспрымання, такая логіка беспамылковая.

      У праграме бліжэйшага вечара абодва аддзяленні – сучасныя творы. У гэтым ёсць пэўная рызыка. Каб не «перакарміць» адным кампазітарам і адным выканаўцам. Прафесіяналы, а іх будзе шмат, даслухаюць да канца, а вось аматары, чый густ выхаваны Бахам, Шубертам і Грыгам,