нармальнага існавання. Рэха перажытага гучала ў душы далёкай музыкай, апякала і мучыла незваротнасцю, рабіла неўспрымальнай для навакольнага свету. I, як ні дзіўна, – дапамагала спяваць.
Цяпер жаночая цікаўнасць гарэзна падштурхоўвала наперад: «Хм, а што будзе далей?». А невясёлы жыццёвы вопыт, памяць пра былыя страты і расчараванні змушалі быць абачлівай і асцярожнай. І моцна трымаць у руках лейцы ўласных пачуццяў.
Маэстра быў заняты, і ў Надзі расклад на тыдзень таксама выходзіў шчыльны, бо ў вучэльні пачыналася сесія. Таму звычайна сустракаліся раз на тыдзень. Надзя паказвала зробленае, яны сёе-тое ўдакладнялі, спявачка атрымлівала новыя ноты. I зноў развітваліся да наступнага тыдня.
Аказалася, што працаваць з Маэстра лёгка і проста. Нібыта ведаюць адзін аднаго шмат гадоў. Нечакана знайшлося шмат агульных знаёмых. Падчас размоў раптам выявілася, што ён чытаў – дзіва дзіўнае! – тое самае, што і яна. Што даўно забыты фільм, пра які Надзя згадвала, ён таксама глядзеў. Надзя пачынала думаць, што з Алегам яны разбегліся хутка таму, што ім не было пра што гаварыць.
У той канцэрт, які адбудзецца праз некалькі дзён, павінна ўвайсці частка вакальнага цыкла. А сам ён, лічы, не цыкл, а суцэльная анталогія. Яе і за пяць вечароў не праспяваеш. Цяпер ідуць перамовы, каб увесь цыкл – і тое, што прагучыць у канцэрце, і тое, што не ўвойдзе, – запісаць у фонды радыё. I менавіта ў яе выкананні. Бо Маэстра лічыць, што лепш за Надзю тое ніхто не зробіць.
Сяброўскія адносіны яна падтрымлівала з многімі кампазітарамі, чые творы выконвала раней. Але заўсёды імкнулася паставіць сябе так, каб паміж імі існавала пэўная дыстанцыя. Гэта дапамагала сумеснай творчасці, бо не ўзнікала непатрэбных эмоцый. Як кажуць, нічога асабістага!
З Маэстра атрымалася іначай. Мо таму, што ўпершыню за апошнія гады Надзі хтосьці пачаў усур’ёз падабацца, толькі яна не хацела сабе ў тым прызнавацца. А мо таму, што вакальны цыкл быў напісаны на тэксты любоўнай лірыкі, і адметнасць увасаблення сардэчных захапленняў і пакут у вершах і музыцы ў розныя стагоддзі яны абмяркоўвалі ўвесь час. Калі добра падумаць, чым можа скончыцца сумесная праца маладой спявачкі і маладога кампазітара над вакальным цыклам, напісаным на тэксты любоўнай лірыкі? Вядома, чым. Або поўным непаразуменнем, спрэчкаю і канфліктам, або поўным паразуменнем і пацалункамі. Яны выбралі апошняе.
У той дзень рэпетыцыя скончылася рана. У расчыненыя вокны вучэльні вецер прыносіў душны і мройны водар чаромхі. І Надзя падумала: «Шкада, што ён зараз знікне…»
Яна марудна збірала ноты, не ведаючы, што сказаць, каб гэта выглядала натуральна і не дужа выдавала яе таемныя памкненні. Але, напэўна, і ён існаваў сёння на той жа хвалі, бо, калі ноты былі сабраныя, спытаў:
– Надзя, вы сёння не дужа спяшаецеся?
Спачатку папілі кавы ў бліжэйшай кавярні, каб крыху асвяжыць галаву. Потым Маэстра ўспомніў, што павінен забраць у сябра дыск з фотаздымкамі, які заўтра – апошні тэрмін! – трэба