Чайкоўскі, дзе яму дацягнуцца да твайго фінансавага размаху!
– Можаш не працягваць прыклады. Асноўны пафас мне зразумелы. Але мяне абсалютна не хвалюе і не турбуе, ці будуць мяне ўспамінаць праз сто гадоў. Упэўнены, не будуць. I цябе, прабач, таксама не будуць. Жыццё існуе ў цяперашнім часе. Не ў мінулым і не ў будучым. Я хачу жыць цяпер. Зараз! Разумееш? Жыць у добра абсталяванай сучаснай кватэры, дзе не працякаюць краны і куды не трэба выклікаць заўжды п’янага дзядзьку Васю з ЖЭСа і ставіць яму пляшку, каб прачысціў ракавіну. Я не хачу душыцца ў чэргах за таннай каўбасой, якой будзе грэбаваць нават кот. Я хачу прыйсці ў супермаркет і выбраць тое, што хачу.
– Спадар капіталіст, я цалкам згодная!
– У цябе стандарты жыцця састарэлыя. А ў мяне – новыя. Я не хачу душыцца ў перапоўненым транспарце, каб п’яны – дзядзька дыхаў у твар перагарам. Або натоўп прыціскаў да старой і непрыгожай кабеты…
– А калі кабета маладая і сімпатычная, дык не супраць? – не вытрымала і засмяялася Надзя.
– Я хачу ездзіць на «мерсе» апошняй маркі…
– Твае апетыты растуць. Дарэчы, якая ў цябе цяпер машына?
– «Мерсэдэс», – з гонарам і відавочным задавальненнем – прамовіў Алег. – Колер мокрага асфальту.
– Слухай, мокры асфальт! Я таксама не люблю грамадскі транспарт. Асабліва, калі зімой з нашай ускраіны трэба ехаць у цэнтр на канцэрт. І бабуля з Алесем не любяць штурханіну, калі едуць у музычную школу. Падвёз бы калі-небудзь, новы беларус…
– Між іншым, ініцыятарам нашага разводу была ты. Магла б цяпер штодня ездзіць!
«Не, мае падазрэнні, што ў той сям’і – поўны швах, пацвярджаюцца з кожнай хвілінай», – падумала Надзя, а ўголас сказала:
– Цябе дапросішся!
– Дзе ж ты будзеш прасіць! Яшчэ незнарок карона з галавы зляціць.
…Алегу сапраўды было не надта салодка. Толькі не хацеў у тым прызнавацца. Ні сабе, ні каму іншаму. Света, яго другая жонка – сапраўды, з Надзяй не параўнаеш – кабета вясёлая, кампанейская, заўсёды ў добрым настроі. Яна лёгка ўвайшла ў асяроддзе сяброў Алега і ў ім адчувала сябе натуральна. Свецінай стыхіяй было ладзіць вечары, банкеты, выезды на прыроду, пікнікі, застоллі. Тут яна не мела роўных і аказалася віртуозам. Святы павінны ўзнікаць і ладзіцца часта. У гэтым быў сэнс жыцця, яго смак і чароўны водар.
Калі ў фірму да Алега прыязджалі кампаньёны або дзелавыя людзі, каб весці перамовы, ці проста завітвалі старыя знаёмыя, якіх Алег хацеў уразіць карцінай свайго цяперашняга дабрабыту, – а таму штораз узнікала патрэба штосьці зладзіць, – тут Светка аказвалася незаменнай. Ён ганарыўся яе эфектным тварам, станам, як у манекеншчыцы, дарагімі ўборамі і аздабленнямі, купленымі, праўда, за ягоныя грошы.
Новая жонка зрабілася натуральнай і неад’емнай часткай тых нават не багатых, а шыкоўных інтэр’ераў, сярод якіх ён цяпер існаваў. Па першым часе Алег літаральна шалеў ад яе, калі заставаліся адны ў спальні. Светкінай сексапільнасці хапала на тое, каб задаволіць самыя смелыя яго жаданні.
Займеўшы другога мужа, жанчына не