справай, закатваннем слоікаў з гуркамі, памідорамі, кабачкамі і тым, што прывозіла з лецішча маці.
Наступны раз, калі цікаўныя журналісты спытаюць пра хобі, яна адкажа: «Закатваць слоікі ў разгар сезона. Не канцэртнага, а дачнага…» Калі спытаюць, пра што яна марыць як спявачка, якія ў яе творчыя планы, адказ таксама напрошваецца сам: «Закатаць як мага больш слоікаў, каб сям’і хапіла ўсяго на ўсю зіму». Што зробіш, калі спевамі немагчыма зарабіць на жыццё. «Зялёныя» з апошняй замежнай вандроўкі даўно скончыліся, прынесеныя Алегам у чэрвені беларускія грошы – таксама.
Надзя ўключыла на кухні плэер, каб сумясціць прыемнае з карысным, начапіла навушнікі і пачала наразаць гародніну. Каляндар знаходзіўся якраз перад вачыма. Па некалькі разоў на дзень Надзя падлічвала па ім, колькі ж засталося да вяртання Маэстра. I штораз дзівілася, што час рушыў так марудна. Жыццё ішло па звыклым раскладзе. Але з дня ў дзень прыходзіла і рабілася ўсё мацнейшым перакананне, што рэчаіснасць вакол прывідная, ілюзорная. I абсалютна бессэнсоўная.
Надышоў верасень. У Алесіка ў школе пачаўся навучальны год, калі Маэстра нарэшце вярнуўся. Надзінай радасці не было мяжы. Ізноў яна не хадзіла па зямлі, а лётала ў прасторы. Але штосьці незразумелым чынам змянілася ў іх адносінах. Ці то доўгі перапынак у сустрэчах адыграў ролю, ці галава Маэстра была занятая іншым, але яго званкі рабіліся ўсё радзейшымі, а пра спатканні Надзя наогул забылася. Яна разумела, што гэта зусім не той выпадак, калі слёзы, папрокі ці сцэны могуць даць вынік. Тое, што іх аб’ядноўвала, аказалася надта крохкім і далікатным, і яна баялася неасцярожным словам усё разбурыць.
Надзя адчувала сябе як дзіця, якое страціла надзейную руку маці на вялікім і тлумным вакзале. Вакол усе некуды спяшаюцца, бягуць чужыя, незнаёмыя людзі. I нікому няма справы да дзіцяці з вачыма, поўнымі слёз. Пра свае сардэчныя турботы Надзя не хацела размаўляць з маці. Навошта і такі клопат вешаць на яе? Ёй і так хапае – з Алесікам, з іншымі унукамі, дзецьмі меншага сына.
Малодшай Надзінай пляменніцы, названай у гонар бабулі Волечкай, споўнілася тры гады. Нявестка нарэшце выйшла з дэкрэтнага адпачынку на працу, каб маладой сям’і было фінансава лягчэй, а Волечку аддалі ў дзіцячы садок. Але, як часта здараецца, малая пачала бясконца хварэць, а нявестка сядзець з ёй на бальнічных. Параіўшыся з бабуляй, малую пакінулі дома, але цяпер Вольга Аляксандраўна жыла па двух адрасах, імкнулася дапамагчы і Надзі, з якой жыла, і сыну. Значная частка яе дня цяпер праходзіла ў гарадскім транспарце, паколькі сын і дачка жылі ў розных канцах горада, і даводзілася часта ездзіць туды-сюды. Калі Волечка-малодшая хварэла, бабуля заставалася ў сына на некалькі дзён ці на тыдзень.
Апынуўшыся сам-насам са шматлікімі гаспадарчымі клопатамі, Надзя толькі цяпер усвядоміла, што дагэтуль жыла, нібы ў Бога за пазухай. Маці вызваляла яе ад многіх хатніх спраў, каб любая дачушка магла займацца творчасцю і спевамі. Але ў «любай дачушкі» ўсё не ладзілася. Навакольны свет, вялікі вітраж, рассыпаўся