Таццяна Мушынская

Джульета і экстрасэнс (зборнік)


Скачать книгу

што няма такіх пачуццяў, якія б не магла ўтаймаваць воля. Але хіба здагадвалася тады, што пачуцці могуць быць як акіянская хваля, як шторм і смерч? Якая воля можа ўтаймаваць шторм? Так званае каханне – гэта пакутлівая і хранічная хвароба і стыхійнае бедства.

      Яна памаўчала.

      – Ніколі не здагадвалася, што ўва мне самой хаваецца бездань. Бясконцая, бязмежная прастора. Без-дань… Гэта калі ты без дна…

      – Як бездань адкрылася сама, так сама і закрыецца, – супакоіла жанчына. – Паглядзі на сябе! Да каго ты падобная?.. Каму ты ў такім выглядзе цікавая? Букеты засохлых кветак непрывабныя. Іх выкідваюць у сметніцу. Дзяўчынка, самаацэнку трэба ўздымаць. У цябе вочы цяпер… як у Муму, якую вязуць тапіць. У іх напісана: «Чаму?! За што?!»

      – Дзіўныя асацыяцыі…

      – Між іншым, сабакі добра плаваюць. Скокнуў з лодкі – і паплыў. А Герасім няхай топіцца, калі падабаецца на дне сінім ляжаць.

      Дзяўчынка засмяялася.

      – Дурніца ты. І мазахістка… Падабаецца быць няшчаснай, абражанай, ліць няўцешныя слёзы? Падабаецца пакутваць? Усім жанчынам падабаецца. Але слабым, а не моцным. Пачні новае жыццё.

      А то заладзіла, як капрызлівае дзіця: «Дайце мне гэтую цацку!» А мо тая цацка табе не патрэбная? Ты – спявачка. Разумееш?! А хто яна па сваёй сутнасці? Марская сірэна, якая спевамі (дарэчы, вельмі эратычнае мастацтва!) заваблівае мужчын у свае сеткі. А ты не завабліваеш. Ты – рыбка, што заблыталася ў чужых сетках і ляжыць, нежывая, на беразе.

      – Хто думаў, што вынік акажацца такім дурным і бяздарным?

      – Аблом, кажа сучасная моладзь. Аптычны падман. Ты прайграла… Але ты не адна прайграеш. Трэба прызнаць паражэнне. З яго пачынаецца перамога над сабой і сітуацыяй. Але супернік быў годны. І ў гэтым суцяшэнне. Ты – прыгажуня. Вакол цябе мала рамантычных і таленавітых? Яны павінны на калені перад табой падаць. А табе застанецца толькі выбіраць. Ты брывом павяла, а ён пабег твае жаданні выконваць…

      Слухай, падобныя размовы мне надакучылі. Калі будзеш бясконца пра яго думаць, скончыцца кепска, – падвяла рысу пад іхнімі дыялогамі дарослая Надзя і аб’явіла жалобным і суровым голасам дыктара: – Музычнае мастацтва краіны панесла непапраўную страту. Пасля працяглай хваробы памерла выдатная прадстаўніца нацыянальнай вакальнай школы…

      Дзяўчынка засмяялася.

      – Праўда, у афіцыйным паведамленні,– жанчына вярнулася да свайго звычайнага голасу, – не скажуць, што хвароба аказалася псіхічная. Твая рэпутацыя застанецца бездакорнай. А пра сапраўдную прычыну шырокія працоўныя масы будуць толькі здагадвацца.

      Частка дзясятая

      Сон

      Напэўна, думка пра вар’яцтва глыбока трапіла ў Надзіну свядомасць, бо аднойчы ёй прысніўся сон. Нібыта яна – пацыентка ці то неўралагічнага аддзялення бальніцы, ці то псіханеўралагічнага дыспансера. Але не «Навінак» – гэта Надзя памятала дакладна. Яна ляжыць на бальнічным ложку. Разам з ёй у палаце знаходзяцца некалькі жанчын. Яны апранутыя ў аблезлыя бальнічныя халаты, а твары