Таццяна Мушынская

Джульета і экстрасэнс (зборнік)


Скачать книгу

не было канца. Паднялася зусім разбітай, у галаве было цьмяна.

      Ранкам хацела адразу патэлефанаваць яму і спытаць, ці ўсё добра. Бо пасля ночы, як доўгі шлейф сну, гнялі душу незразумелыя страх і трывога. Хоць бы з ім нічога не здарылася!

      Надзя ўжо зняла слухаўку, набрала нумар (ведала ж, што ў ягоным тэлефонным апараце нумары ўваходных званкоў не вызначаюцца), але пачуўшы «Алё…», сказанае знаёмым ціхім голасам, паклала яе. Яна дала сабе абяцанне: ніколі і ні пры якіх абставінах яму не тэлефанаваць. Ні-ко-лі! А абяцанні, дадзеныя сабе, трэба выконваць.

      «Як я сёння буду спяваць – у такім стане? – Надзя была ў роспачы. – Гэта ж непазбежны правал! Такая велізарная праца, столькі ўкладзена сіл, эмоцый. І ўсё марна, дарма? Квіткі на вечарыну прададзены, вольных месцаў няма. Па запрашэннях павінны прыйсці калегі з вучэльні. Слухач чакае свята, настройваецца. А я не ведаю, як буду спяваць… І што рабіць?!» У глыбіні душы жыло кволае спадзяванне, што за паўдня нешта зменіцца.

      Тэлефон зазваніў сам.

      – Надзя, – пачуўся голас Маэстра, – гэта не ты толькі што тэлефанавала?

      – Не, не я… – схлусіла яна. Памаўчала, а потым спытала: – У цябе ўсё нармальна?

      – Нібыта…

      – Ну, добра, тады – да вечара…

      Бабуля ўжо адправіла Алесіка ў школу і цяпер завіхалася на кухні. Надзя паснедала, пагаварыла з маці пра побытавую драбязу. Накшталт таго, што трэба купіць хлопцу з зімовага адзення, бо леташняе зрабілася малым і цесным.

      Потым маці расказала – з сакавітым народным гумарам і мноствам трапных дэталяў, як умела, пэўна, толькі яна – падрабязнасці свайго тыднёвага знаходжання ў сястры. Перад вачыма паўставалі каларытныя вобразы цёткі Соні і яе дзяцей, Надзіных стрыечных братоў і сясцёр. На яе адразу выплюхнулася столькі цікавых навін: пра запланаваныя на бліжэйшы час вяселлі і хрысціны, пабудаваныя хаты, купленыя машыны, ураджай на градах, здароўе шматлікіх сваякоў. Інакш кажучы, жыццё віравала, імчала і зіхацела. «Смешна, а я перажываю наконт голасу… Распяюся – і ўсё будзе так, як і павінна быць!» Спакойны, бесклапотны матчын настрой спакваля перадаваўся Надзі. Яна ўжо не думала пра немінучы правал. Трэба паспрабаваць, як сёння гучыць голас. Адчыніла вечка піяніна, узяла некалькі нот. Голас гучаў, і гэта абнадзейвала.

      Потым прымервала перад люстэркам новую, яшчэ не надзяваную канцэртную сукенку. Сшытая з чорнага шыфону, доўгая, да пят, з вялікім шлейфам ззаду, яна Надзі вельмі пасавала. Гафрыраваныя рукавы з тонкай серабрыстай каймой па краі, свабодныя, напалову адкрывалі рукі. Надзя раскінула іх у бакі, нібы сабралася ўзляцець. Чорны шыфон захваляваўся, пабег, і цяпер напаўпразрыстыя рукавы здаваліся крыламі дзіўнай казачнай птушкі, якая прыляцела невядома адкуль. Мы яшчэ паглядзім, хто сёння будзе пераможцам!

      Надзя намервалася выйсці з дому загадзя, каб не адразу трапіць у шумную, вірлівую плынь людзей на праспекце, а, не спяшаючыся, прайсціся прысадамі старога парку. Яшчэ ў XVI стагоддзі напісаў паэт: «Лепш за прыроду нішто не ачысціць нам душу…» Дзіўна, але